Наталка Белазёрава: Мо ўкраінцы сьмяяліся ня з мовы, а з таго, як я лапатала

Наталка Белазёрава

Беларуская танцорка з шоў на ўкраінскім тэлеканале СТБ не крыўдуе на судзьдзяў, далей вучыцца танцам і жыве паводле прынцыпу: «нос угору, хвост пісталетам!»

Вядоўцы «Танцуюць усе» на ўкраінскім тэлеканале СТБ бурна адрэагавалі на мову беларускай канкурсанткі. Многім здалося, што сваімі паводзінамі яны абразілі і канкурсантку, і беларускую мову.

Праграма здымалася яшчэ ў красавіку, а выйшла ў верасьні, распавядае Наталка Белазёрава Свабодзе:

«Гэта быў першы раз, калі я сутыкнулася з тым, што ўкраінцы мяне не разумеюць. У мяне было шмат сяброў з Украіны, заўсёды я размаўляла зь імі па-беларуску, а яны са мной па-ўкраінску. Канешне, я была ў шоку. Як пісалі дзесьці ў камэнтарах, мо так і было, што ў вачох у мяне было „куды я патрапіла“, бо я шчыра не чакала такой рэакцыі.

Калі першы кастынг праходзіў у Менску, усе сябры журы размаўлялі са мной па-ўкраінску, мяне гэта вельмі цешыла. Таму я безь ніякіх задніх думак прапанавала ім у Кіеве, каб яны са мной размаўлялі па-ўкраінску, а я зь імі — па-беларуску.

Я ня ведаю, што здарылася. Не магу сказаць, што яны сьмяяліся менавіта з танца ці з мовы. Мо сьмяяліся ад таго, што я занадта хутка гаварыла. Мо гэта нават мая праблема была, магла б павольней казаць ці менш балбатаць. Гэта ж не такая самая мова, розныя мовы. Дробныя адрозьненьні маглі падацца дзіўнымі і сьмешнымі. Але цяжка штосьці гаварыць.

Хачу яшчэ раз зацьвердзіць, што ня маю крыўды на судзьдзяў. Што было, тое было. Я не хачу разьдзьмуваць з мухі слана».

Наталка кажа, што заўважала, што ўкраінамоўныя ўкраінцы лепш разумеюць беларускую мову за расейскамоўных. А калі яна прапаноўвала ўкраінцам размаўляць з сабой па-ўкраінску, а не на «замежнай расейскай мове», тыя радаваліся:

«Калі я працавала ў салёне з продажамі, да мяне прыходзіла шмат украінцаў, якія побач працавалі. Я ім адразу казала: я разумею ўкраінскую, вы размаўляйце па-ўкраінску, я буду па-беларуску. І ніякіх пытаньняў не было. Наадварот — вялікая радасьць была, што яны могуць зь беларусам на сваёй мове пагаварыць».

Наталка танчыць "мітусь" у Аўстрыі:

Дзяўчына распавядае, што на конкурс патрапіла не адразу — не атрымалася паехаць зь Менску ў Кіеў, а пасьля давялося з Аўстрыі вяртацца ў Беларусь:

«Пра конкурс я даведалася за год да таго, як паехала запісвацца. Запрасілі праз „УКантакце“ ў суполку. Я тады танчыла ірляндзкія танцы, дык мяне запрасілі ў Кіеў, але я не паехала, бо з часам не атрымлівалася. А потым так атрымалася, што калі мне патэлефанавалі ў студзені, запрасілі асабіста на кастынг, я была ў Аўстрыі. Як сьнег на галаву! Сяджу ў Аўстрыі, а запрашаюць на кастынг у Менску. Вырашыла, раз не змагла ў мінулым годзе прыехаць, трэба паспрабаваць цяпер. Але ўжо быў сольны беларускі танец, бо яго ж трэба было ў Аўстрыі паказваць. Ну і падумала, што я беларуска і хачу паказаць сваю краіну, дык чаго я буду паказваць ірляндзкі танец, які танчыла ў мінулым годзе, калі магу штосьці новае, мо больш цікавае паказаць, што мне бліжэй да душы».

Так ці іначай, лёс Наталкі, як яна сама лічыць, склаўся ўдала: цяпер ён зьвязаны з танцамі наўпрост. Пасьля трох год навучаньня на эканаміста яна перайшла ў польскі ўнівэрсытэт, дзе стала займацца танцамі:

«Я правучылася тры гады на эканамічным факультэце БДУ ў Менску — і тры гады зьбіралася яго кідаць. Пасьля першага курсу хацела паступаць у Акадэмію мастацтваў на акторскае, але ня склалася, бо ад’яжджала на час экзамэнаў. Пасьля другога курсу зноў хацела кідаць, зноў хадзіла на кансультацыі, але выйграла стыпэндыяльную праграму ў Аўстрыі — вырашыла, што паеду. Ну а пасьля трэцяга курсу ўжо сапраўды паступала ў Акадэмію мастацтваў (зразумела, што няма матывацыі вучыцца ў БДУ), але не паступіла. Потым паступала ў Польшчу, разумела, што гэта было хіба не маёй апошняй надзеяй, бо ніяк не хацела працягваць на эканоміцы вучыцца, што ніколі добрым эканамістам ня буду, выкладчыкі гэта таксама ведалі. Ну і плюс што я была адзіная беларускамоўная на сваім факультэце — гэта дало сваё.

Па іроніі лёсу, іспыт у Польшчу я здавала ў Кіеве, у тым жа самым месцы, куды на кастынг прыяжджала. Паступіла, хаця сама яшчэ ў гэта не паверыла. Цяпер ужо два тыдні заняткі, вучуся на кірунку „Танец“ у Акадэміі гуманістычна-эканамічнай у Лодзі. Ня веру дагэтуль, што ідучы да сваёй мары, нарэшце ўстала на правільны шлях, што буду прафэсійна танчыць. У нас дэкан усё для нас робіць, цудоўная заля для танцаў — цудоўнае ўсё, ня ведаю нават, як гэта апісаць! Ну і не зьбіраюся спыняць удзел у конкурсах. Я ўжо зразумела, што не магу жыць бяз гэтага духу спаборніцтва. Буду спрабаваць ісьці далей, нос угору, хвост пісталетам!»

Пра сваё ўражаньні ад удзелу ва ўкраінскім тэлешоў Наталка Белазёрава напісала верш.