Жамчужнага будуць судзіць 23 кастрычніка

Міхаіл Жамчужны

23 кастрычніка Вярхоўны суд будзе разглядаць касацыйную скаргу заснавальніка грамадзкай арганізацыі «Плятформа інавэйшн» 60-гадовага жыхара Віцебску Міхаіла Жамчужнага ў закрытым рэжыме.

Пра гэта сябру праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацяне Равяцы паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага суду Юлія Ляскова.

«Справа ў судзе першай інстанцыі слухалася ў закрытым судовым пасяджэньні (матыў — утрыманьне сакрэтных зьвестак). У касацыі справа слухацца будзе ў закрытым судовым пасяджэньні з той жа прычыны. Рэзалютыўная частка будзе агалошвацца публічна», — сказала Юлія Ляскова.

На ўдакладненьне, ці зможа праваабаронца прысутнічаць на абвяшчэньні рэзалютыўнай часткі, прадстаўніца Вярхоўнага суду патлумачыла, што ў межах сваёй кампэтэнцыі дакладна сьцьвярджаць нічога ня можа, аднак параіла «прыходзіць і чакаць».

Раней разгляд касацыйнай скаргі быў прызначаны на 6 кастрычніка, аднак быў перанесены. Пракурор унёс пратэст і запатрабаваў для Міхаіла Жамчужнага большага пакараньня, чым тое, што прысудзіў суд першай інстанцыі.

У такой сытуацыі ў судовым паседжаньні павінен прысутнічаць сам асуджаны, які на той момант ня быў этапаваны зь Віцебску ў менскае СІЗА № 1.

10 ліпеня сёлета Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў калёніі строгага рэжыму. Ён быў абвінавачаны па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу — арт. 376 (ч.1, ч.2), арт. 375 (ч.1), арт. 431 (ч.1, ч.2). Гэта наўмыснае раскрыцьцё зьвестак, якія складаюць службовую тайну, незаконнае набыцьцё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, якая складае службовую таямніцу, а таксама даваньне хабару. Праз закрытасьць судовага працэсу Праваабарончы цэнтар «Вясна» ня мае дастатковай інфармацыі, каб даць ацэнку справе Міхаіла Жамчужнага.

Паводле Тацяны Равякі, пытаньне аб прызнаньні Жамчужнага палітвязьнем застаецца адкрытым.