Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгляд касацыі Жамчужнага перанесьлі — пракурор лічыць прысуд недастатковым


Міхаіл Жамчужны
Міхаіл Жамчужны

Прызначаны на сёньняшнюю раніцу ў Вярхоўным судзе касацыйны разгляд прысуду заснавальніку расфармаванай сёлета ўвесну грамадзкай арганізацыі «Плятформа інавэйшн» 60-гадоваму жыхару Віцебску Міхаілу Жамчужнаму перанесьлі на пазьнейшы час.

Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Алёна Красоўская-Касьпяровіч, якая раней кіравала «Плятформай», а цяпер узначаліла арганізацыю «Рэгіён 119». Перанос слуханьня тлумачыцца пратэстам пракурора, які палічыў ранейшы вырак абласнога суду — шэсьць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі для паўторна асуджаных — занадта мяккім і настойвае на сямі гадах утрыманьня Жамчужнага за кратамі. Згодна з заканадаўствам такі пракурорскі пратэст разглядаецца толькі ў прысутнасьці абвінавачанага. Яго пакуль не этапавалі ў Менск у СІЗА №1, каб ён прысутнічаў на касацыйным пасяджэньні.

Вядома, што слуханьне пройдзе пасьля 20 кастрычніка і ў закрытым рэжыме. З боку Жамчужнага будзе толькі яго адвакат, які яшчэ на этапе папярэдняга расьсьледаваньня даў падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы. Такую ж падпіску даў і сам Жамчужны. Тым ня менш на волю ад яго ўсё ж трапілі некаторыя дакумэнты па судовай справе, у тым ліку перапісаная ад рукі рэзалюцыйная частка прысуду. Жамчужны, згодна зь ёй, асуджаны за «наўмыснае разгалошваньне службовых сакрэтаў, незаконнае набыцьцё сродкаў для негалоснага атрыманьня інфармацыі, а таксама даваньне хабару» (артыкул 376, частка 1, 2, артыкул 375, частка 1, артыкул 331, частка 1, 2).

Закрытасьць крымінальнай справы колішняга дацэнта Віцебскага тэхналягічнага інстытуту, кандыдата тэхнічных навук, які свой першы тэрмін (2007–2012) атрымаў за злоўжываньні ў гаспадарча-дамоўнай навукова-практычнай дзейнасьці, спараджаюць што далей то болей самых розных пытаньняў.

Так, некаторыя назіральнікі ды праваабаронцы, напрыклад, група «За волю», лічаць, што такая закрытасьць дае ўсе падставы для таго, каб Жамчужны быў «аўтаматычна прызнаны беларускімі ды міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі палітзьняволеным і, больш за тое, вязьнем сумленьня».

Тым часам прадстаўнікі ПЦ «Вясна» лічаць, што для такога прызнаньня яны маюць недастаткова матэрыялу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG