Увечары 12 кастрычніка на "Барысаў-Арэне" былі затрыманыя пяцёра сяброў нефармальнага беларускамоўнага клюбу "Б-12", паведамляе БелаПАН. Заўзятары правялі ноч у Барысаўскім РАУС, суды пройдуць 13 кастрычніка.
Паводле інфармацыі "Б-12", затрыманым інкрымінуецца непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Сапраўднай прычынай затрыманьня, як паведамляе клюб, сталі шалікі з гербам "Пагоня". На знак пратэсту астатнія фанаты, якіх было некалькі дзясяткаў, у перапынку пакінулі трыбуну і накіраваліся ў РАУС усьлед за затрыманымі.
У аднаго затрыманага апісваюць рэчы. Гэта пазначае, што бліжэйшыя 15 дзён ён дадому не прыедзе :( #EURO2016 #BLRvsFYRM #ACAB
— 12-ы гулец зборнае (@belarus12player) October 12, 2015
Аднаму з хлапцоў катаюць пальчыкі. Кажа, хутчэй за ўсё суткі ўсім. #ACAB
— 12-ы гулец зборнае (@belarus12player) October 12, 2015
Блогер Антон Матолька адрэагаваў на навіну пра фанатаў, а таксама на ранейшую навіну пра затрыманьне кіроўцы зь бел-чырвона-белым сьцягам зваротам да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, у якім просіць растлумачыць, на падставе якіх дакумэнтаў супрацоўнікі МУС выказваюць прэтэнзіі да грамадзян, калі бачаць у тых нацыянальную сымболіку.
Агулам гульню Беларусь-Македонія наведалі 1 545 гледачоў, што ёсьць новым антырэкордам наведвальнасьці гульняў беларускай зборнай.