Цяжарную назіральніцу ад «Права выбару» выгналі са шпіталя, бо нібыта «прапускала працэдуры»

27 назіральнікаў «Права выбару» пазбавілі акрэдытацыі

Тацяна Ладукас з Наваполацку была зарэгістраваная як назіральнік за выбарамі ад «Права выбару» на 9 выбарчым участку. За дзень да датэрміновага галасаваньня, 5 кастрычніка, Тацяна трапіла ў шпіталь — яна цяжарная, тэрмін цяжарнасьці 12 тыдняў, напярэдадні ўзьніклі праблемы са здароўем. Тацяна кажа, што ў шпіталі выконвала ўсе прадпісаньні лекараў, праходзіла патрэбныя працэдуры. Жанчына прызнае, што ўвечары 6 і 8 кастрычніка яны сыходзіла са шпіталя, каб наведаць выбарчы ўчастак і ўзяць удзел у назіраньні, але кажа, што ніякіх заўваг на гэты конт не атрымлівала да 10 кастрычніка. У той дзень увечары яе выклікалі да дзяжурнага лекара і а 10-й гадзіне ўжо выпісалі са шпіталя безь яе згоды, нават без даведкі на працу аб тым, што праходзіла лячэньне.

«У суботу я на выбарчым участку не была, гэта дакладна. Была ў шпіталі, хоць нейкі час не ў палаце, бо выходзіла да наведнікаў. Гэта ж субота, людзі ідуць адзін да аднаго, я калі выходзіла на калідор, дык на пасту нікога ня бачыла. А тут дзяжурны лекар мне кажа, што я нібыта адлучалася са шпіталя для назіраньня. Спачатку ад мяне запатрабавалі напісаць тлумачэньне, дзе была. Пагадзілася, але папрасіла, каб яны заверылі другі экзэмпляр тлумачэньня і аддалі яго мне. Не пагаджаліся, раіліся, і тут кажа лекарка, што мусіць мяне выгнаць з запісам у бальнічны „за парушэньне рэжыму“. І ў 10 вечара выгналі на вуліцу. Лічу, калі б ня мой статус назіральніка за выбарамі, гэтага б не было. Відаць, кіраўніцтву шпіталя ці загадалі мяне выгнаць, ці папрасілі на мяне паўплываць. Інакш я гэта не магу патлумачыць», — кажа Тацяна Ладукас.

11 кастрычніка Тацяна Ладукас знаходзілася на выбарчым участку № 4 Наваполацку. А 18 гадзіне назіральніца паведаміла карэспандэнту Свабоды: «З кіраўніцтвам участку ў нас ёсьць кантакт. Да іх я зьвярталася з прапановамі, заўвагамі, і фактычна ўсе зь іх, акрамя адной заўвагі, былі задаволеныя адразу. Значнай розьніцы яўкі ў нас няма, галасаваньне сёньня ідзе нармальна. Але гэта на дадзены момант — без падліку галасоў. Канчатковы падлік пакажа, наколькі разыдуцца дадзеныя ці не разыдуцца».

Паводле каардынатара «Права выбару» Дзяніса Садоўскага, на 18 гадзіну 11 кастрычніка 27 іхніх назіральнікаў ужо пазбаўленыя акрэдытацыі.