Сябра Менскай гарадзкой выбарчай камісіі выкрыў маніпуляцыі зь бюлетэнямі

Зьміцер Касьпяровіч

Сябра Менскай гарадзкой выбарчай камісіі ад Партыі БНФ Зьміцер Касьпяровіч выкрыў маніпуляцыі зь бюлетэнямі выбарцаў. Ён наведаў участковыя камісіі і параўнаў колькасьць бюлетэняў, выдадзеных выбарцам, і рэальную колькасьць подпісаў выбарцаў, якія атрымалі бюлетэні.

Раніцай 8 кастрычніка на выбарчым участку № 25 Савецкага раёну Менску было выдадзена 146 бюлетэняў, але расьпісаліся за іх усяго 109 чалавек.

На выбарчым участку № 26 гэтага ж раёну Менску быў выдадзены 351 бюлетэнь, аднак расьпісаліся за іх 162 выбарцы.

Раніцай 9 кастрычніка на выбарчым участку № 49 Савецкага раёну Менску за тры дні датэрміновага галасаваньня было выдадзена 308 бюлетэняў, аднак падпісаліся ўсяго 170 выбарцаў.

Адзін з каардынатараў кампаніі «Права выбару — 2015», якая паведаміла пра выкрыцьцё, Дзяніс Садоўскі лічыць, што таму ўлада і не ўключае ў склад камісіяў рознага ўзроўню прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і арганізацыяў, каб было цяжэй ускрыць падобныя факты маніпуляцыі зь бюлетэнямі для галасаваньня.

«Выяўленыя парушэньні сьведчаць пра тое, што сябрамі ўчастковых выбарчых камісіяў штучна завышаецца яўка выбарцаў і адбываецца ўкідваньне бюлетэняў», — кажа Дзяніс Садоўскі.

У кампанію па назіраньні за выбарамі «Права выбару — 2015» уваходзяць восем арганізацыяў: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), БХД, «Гавары праўду», рух «За свабоду», Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці, аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.