У мітынгу, які быў санкцыяваны ўладамі, прынялі ўдзел актывісты Беларускага незалежнага прафсаюза, Свабоднага прафсаюза Беларускага, Свабоднага прафсаюза мэталістаў і Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці. Таксама на мітынг прыйшлі лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, аднак актыўнасьці яны не праяўлялі.
Як паведамляе БелаПАН, усяго ў акцыі прынялі ўдзел каля 70 прафсаюзных актывістаў. Акрамя сьцягоў прафсаюзных арганізацыяў, удзельнікі мітынгу таксама прынесьлі ўкраінскі сьцяг і некалькі сьцягоў эўрапейскага прафсаюзнага аб’яднаньня IndustriALL.
Адзін з удзельнікаў мітынгу чытае газэту
Удзельнікі мітынгу патрабавалі ва ўладаў выпрацоўкі новага эканамічнага курсу, «здольнага забясьпечыць вырашэньне праблемаў занятасьці, стварэньня новых працоўных месцаў, мадэрнізацыі вытворчасьцяў, істотнага павышэньня заробкаў і даходаў працоўных, забесьпячэньня бясьпечных умоваў працы».
Таксама актывісты незалежных прафсаюзаў запатрабавалі адмены «адыёзных» прэзыдэнцкіх дэкрэтаў.
«Мы настойваем на неадкладнай адмене дэкрэта № 29, дэкрэта № 9, дэкрэта № 5 і дэкрэта № 3 прэзыдэнта, паколькі іх дзеяньне абражае чалавечую годнасьць працоўнага і робіць немагчымым дасягненьне годнай працы ў краіне», — адзначаецца ў рэзалюцыі, якая была прынятая на мітынгу.
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук