Тацяна Караткевіч: Лукашэнка ня чуў пра базу? Гэта дзіўна...

Заяву Аляксандра Лукашэнкі пра расейскую авіябазу камэнтуе кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч.

Тацяна Караткевіч: Гэта дзіўна, бо акрамя гэтага тут былі сустрэчы Мядзьведзева з Макеем і з Кабяковым, яны пра гэта размаўлялі — пра гэта былі рэпартажы. Як гэта так, што ён ня чуў? Гэта дзіўна.

Па-другое, мая пазыцыя сёньня — я супраць таго, каб у нашай краіне былі замежныя вайсковыя базы і аб’екты, гэта асноўны пункт маёй праграмы. Таксама я лічу, што адзін чалавек ня ўправе прымаць такія рашэньні.

Гэта вельмі сур’ёзнае рашэньне, яно можа прымацца толькі з улікам меркаваньня людзей. Напрыклад, праз рэфэрэндум.

РС: Дык вы ў дадзеным выпадку згодныя з Аляксандрам Лукашэнкам? Як вы ставіцеся да ягонай заявы?

ТК: Я кажу пра тое, што дзіўна, што ён «ня ведае». Ён хлусіць, бо ён ведае, што была прапанова з боку расейскага ўраду. Я ня згодная з тым, што адзін чалавек можа прыняць такое рашэньне, каб у нас у краіне была база.

РС: А як расейцы могуць зрэагаваць на такія заявы кіраўніка Беларусі?

ТК: Ён пакуль што кажа, што яго раздражняе такая пазыцыя з боку Расеі, і ня кажа канкрэтна — пагодзіцца ён ці не. Тым больш, што расейскі бок сказаў, што ў іх няма дакладнага тэрміну і ў Лукашэнкі ёсьць час падумаць над гэтай прапановай. Я лічу, што сёньня большасьць беларусаў супраць таго, каб на нашай тэрыторыі была расейская вайсковая база. Гэта можа быць падставай таго, каб адмовіцца ад яе.