У Белым доме пракамэнтавалі перамовы Абамы і Пуціна

Афіцыйная рэзыдэнцыя прэзыдэнта ЗША - Белы дом у Вашынгтоне, ілюстрацыйнае фота

Высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі ЗША заявіў, што паміж Вашынгтонам і Масквою захоўваюцца фундамэнтальныя рознагалосьсі.

Увечары ў панядзелак адбылася сустрэча прэзыдэнта ЗША Барака Абамы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. На сустрэчы абмяркоўваліся канфлікт ва Ўкраіне і сырыйскі крызіс. Па заканчэньні сустрэчы высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі ЗША інфармаваў «Голас Амэрыкі» пра зьмест гутаркі двух прэзыдэнтаў, ахарактарызаваўшы сустрэчу, якая адбылася, як дзелавую.

«Яны абмеркавалі мноства розных праблем», — удакладніў прадстаўнік Белага дома.

Гутарка прэзыдэнтаў ЗША і РФ працягвалася каля 90 хвілінаў. Як паведамляецца, першая палова гэтага часу была прысьвечаная Ўкраіне, а другая — Сырыі.

«Прэзыдэнт зноў пацьвердзіў нашу падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны», — сказаў прадстаўнік адміністрацыі ЗША. Ён таксама адзначыў, што прэзыдэнт Абама паказаў на магчымасьць ажыцьцявіць Менскія пагадненьні цягам бліжэйшых некалькіх месяцаў.

Пры абмеркаваньні сытуацыі ў Сырыі, бакі фундамэнтальна разышліся ў ацэнцы ролі, якую ў вырашэньні грамадзянскага канфлікту ў гэтай краіне мае адгуляць прэзыдэнт Башар Асад. Як канстатаваў прадстаўнік адміністрацыі ЗША, калі расейскі бок бачыць у Асадзе аплот супрацьстаяньня экстрэмістам, то амэрыканскі — падкрэсьлівае, што Асад па-ранейшаму разьдзімае полымя канфлікту паміж рэлігійнымі групамі:

«Я лічу, што расейцы, несумненна, ўсьведамляюць важнасьць палітычнага рашэньня ў Сырыі і наяўнасьць працэсу, які вядзе да палітычнага рашэньня, — сказаў прадстаўнік адміністрацыі. — Адрозьненьне паміж намі ў тым, якім павінен быць вынік гэтага працэсу».

Ён таксама адзначыў, што ЗША не разглядаюць ваенныя падрыхтоўкі, якія ажыцьцяўляюцца Расеяй у Сырыі, як абавязкова дэструктыўныя, з пункту гледжаньня пазытыўнага вырашэньня крызісу. Паводле яго слоў, стаўленьне адміністрацыі да гэтага пытаньня будзе залежаць ад далейшых дзеяньняў расейскага боку.