Пасол РФ у Польшчы шкадуе, што яго словы абразілі палякаў

Амбасадар Расеі ў Варшаве Сяргей Андрэеў

Выказваньні пасла Расеі ў Варшаве аб частковай віне палякаў за разьвязаньне Другой сусьветнай вайны выклікалі рэзкую рэакцыю ў Польшчы

Амбасадар Расеі ў Варшаве Сяргей Андрэеў у панядзелак быў выкліканы ў МЗС Польшчы для тлумачэньняў у сувязі зь яго выказваньнямі пра ролю палякаў у разьвязаньні Другой сусьветнай вайны.

Як паведамляе агенцтва Associated Press, Андрэеў часткова адрокся ад сваіх словаў. Паводле пасла, у яго не было намераў абразіць палякаў. «Я шкадую, што ня выказаўся досыць ясна», — заявіў ён журналістам пасьля заканчэньня сустрэчы, адзначыўшы, што яго словы няправільна вытлумачылі.

У інтэрвію «Інтэрфаксу» Андрэеў назваў канструктыўнай сустрэчу з прадстаўнікамі МЗС Польшчы.

У мінулую пятніцу Сяргей Андрэеў у інтэрвію польскай тэлекампаніі TVN24 усклаў на Польшчу частковую віну за разьвязаньне Другой сусьветнай вайны, заявіўшы, што «палітыка Польшчы давяла да той катастрофы, якая адбылася ў верасьні 1939».

Гэтая заява выклікала рэзкую рэакцыю польскага боку. Прэм’ер-міністар Польшчы Эва Копач ў суботу заявіла, што кіраўнік замежнага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў краіне знаходжаньня закліканы садзейнічаць «гарманічным і прыязным адносінам паміж краінамі». МЗС Польшчы выступіў з заявай у якой гаворыцца, што Варшава расцэньвае выказваньні расейскага амбасадара «як непавагу да памяці ахвяраў злачынстваў НКВД, учыненых на загад савецкіх уладаў».