Зброю зь Беларусі ўжываюць розныя бакі сырыйскага канфлікту

Ваяўнікі ісламісцкай групоўкі Фронт ан-Нусра непадалёк ад гораду Алепа ў Сырыі ў лістападзе 2014 году (ілюстрацыйнае фота)

Інфармацыйна-забаўляльны партал BuzzFeed расьсьледаваў дзейнасьць дробнага амэрыканскага гандляра зброяй — кампаніі Purple Shovel — празь якую міністэрства абароны ЗША закупляла зброю для сырыйскіх паўстанцаў у розных краінах, у тым ліку ў Беларусі, зь якой амэрыканскім фірмам забаронена весьці апэрацыі гандлю зброяй.

Злучаныя Штаты парушылі свае ўласныя правілы, гаворыцца ў расьсьледаваньні BuzzFeed, і далі кампаніі Purple Shovel дазвол на закуп высокатэхналягічных супрацьтанкавых ракет у Беларусі. Беларусь, якая пастаўляе зброю рэжыму Асада, звычайна недаступная амэрыканскім дылерам. Аднак вайсковае ведамства ЗША і Дзярждэпартамэнт пагадзіліся зрабіць выключэньне і дазволілі закуп для паўстанцаў 700 магутных супрацьтанкавых ракетных комплексаў за грошы амэрыканскіх падаткаплатнікаў.

Самаходны ракетны комплекс «Конкурс» расейскай вытворчасьці прызначаны для паражэньня танкаў, інжынэрных і фартыфікацыйных збудаваньняў. Ён можа зьнішчаць цэлі на адлегласьці да 4 кілямэтраў. Тэарэтычна такія комплексы маглі б ужывацца для барацьбы з бронетэхнікай «Ісламскай дзяржавы», захопленай у ірацкай арміі.

Праблема амэрыканскіх закупнікаў палягае ў тым, што «Конкурсы» цяжка знайсьці на сусьветным рынку ўзбраеньня. У Баўгарыі, асноўнага пастаўшчыка ўзбраеньня для сырыйскіх апэрацыяў, іх няма. Яны ёсьць на складах ва Ўкраіне, але тая цяпер сама ў стане вайны з прарасейскімі сэпаратыстамі.

Але ёсьць краіна, дзе такіх ракетных комплексаў шмат — Беларусь.

Як гэта ні іранічна гучыць у гэтым кантэксьце, Беларусь разам з Расеяй, Іранам і Паўночнай Карэяй, была буйным пастаўніком узбраеньняў рэжыму Асада ў 2006-2010 гадах, згодна зь інфармацыяй Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньняў міру, які сочыць за гандлем зброяй.

У «Правілах міжнароднага гандлю зброяй», публікаваных Дзярждэпартамэнтам ЗША, Беларусь значыцца ў адмысловым сьпісе краінаў, да якіх стасуюцца забароны або спэцыяльныя абмежаваньні. Дзярждэпартамэнт мусіць выдаваць ліцэнзіі амаль на кожную зьдзелку з удзелам амэрыканскіх кампаніяў, і гандляры зброяй цьвердзяць, што закупы зброі ў Беларусі амаль заўсёды забараняюцца, бо Беларусь ёсьць у згаданым сьпісе.

Тым ня менш фірма Purple Shovel і яе субкантрактары зьвярнуліся да Беларусі з прапановай прадаць ракеты «Конкурс». Фармальна фірма закупляла ракетныя комплексы для Камандаваньня сілаў спэцыяльных апэрацыяў (SOCOM) у адной баўгарскай кампаніі, аднак тая кампанія атрымлівала іх зь Беларусі. На пытаньне, ці было вядома, што 700 «Конкурсаў» паходзяць зь Беларусі, прадстаўнік SOCOM сказаў карэспандэнту BuzzFeed: «Так. SOCOM мусіць ведаць усе крыніцы паходжаньня ўжыванага намі ўзбраеньня».

SOCOM і канцылярыя міністра абароны ЗША адмовіліся ад далейшых камэнтароў. Паводле неназваных крыніцаў, Дзярждэпартамэнт, які дае дазвол на прыватныя зьдзелкі з узбраеньнем, таксама ўхваліў гэтую трансакцыю, аднак адмовіўся ад усялякіх камэнтароў. Службовец Вайскова-прамысловага камітэту Рэспублікі Беларусь, які каардынуе вайсковы экспарт, папрасіў BuzzFeed даслаць пытаньні электроннай поштай, аднак на далейшы імэйл не адказаў, паведамляе BuzzFeed.