Дэпутат заклікаў як найхутчэй даць грамадзянства замежнікам, якія ваююць за Ўкраіну

Пахаваньне Алеся Чаркашына. Берасьце, 3 верасьня 2015 году.

Народны дэпутат Украіны Ігар Гузь на паседжаньні Вярхоўнай Рады заклікаў калегаў як найхутчэй ухваліць законапраекты, якія б дазволілі атрымаць украінскае грамадзянства замежнікам, якія ваююць на Данбасе на ўкраінскім баку.

У сваёй прамове Ігар Гузь, у прыватнасьці, прыгадаў беларуса Алеся Чаркашына, які ў жніўні загінуў на ўсходзе Ўкраіны. Алесь Чаркашын быў паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе і памёр у шпіталі ў Запарожжы пасьля некалькіх тыдняў комы. Беларус ваяваў пад пазыўным «Сябар Тарас» у тактычнай групе «Беларусь» у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару».