Літанкета Свабоды: Валерыя Кустава

Валярына Кустава

Валерыя Кустава (таксама вядомая як Валярына) нарадзілася і жыве ў Менску. Аўтарка кніг паэзіі «Кроў Сусвету» (1996), «Каб неба сагрэць...» (2004), «Тамсама» (2006). Стыпэндыят Дзяржаўнай стыпэндыі дзеячам культуры і мастацтва, творчай моладзі РБ, ляўрэат cтыпэндыі імя Кандрата Крапівы для маладых драматургаў, стыпэндыят Балтыйскага цэнтру пісьменьнікаў і перакладчыкаў у Швэцыі, Літаратурнага калёквіюма ў Бэрліне, Міжнароднага Дому пісьменьнікаў і перакладнікаў у Вэнтспілсе, фіналіст літаратурнага фестывалю «Vilenica» ў Славеніі. Пераможца рэспубліканскага конкурсу моладзевай журналістыкі «Твой стыль», пераможца конкурсу «Вольнае слова» (намінацыя «Найлепшы аналітычны артыкул»). Пераможца Рэспубліканскага конкурсу сцэнароў, што ладзіўся пры «Беларусьфільме» (2012). Аўтар і вядоўца аўтарскіх праектаў «Чорным па белым» і «Фітнес-Шмітнес» на тэлеканале «Белсат». Ляўрэат прэміі часопіса «Дзеяслоў» «Залаты апостраф» у намінацыі «Паэзія» (2009), пераможца літаратурнага конкурсу «Эксьлібрыс» імя Р. Барадуліна у намінацыі «Паэзія» (2015). Удзельнік шматлікіх міжнародных літаратургных фэстываляў і кніжных выставаў у Швэцыі, Нямеччыне, Польшчы, Расеі, Украіне і інш.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для левых, правых, сьвядомых, несьвядомых, хто любіць беларускую паэзію і хто яшчэ не сутыкаўся зь ёй.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

На каленях у Муза, а таксама ў цішыні дома ў бацькоў, пад грукат колаў у цягніках, а таксама на далёкіх выспах на самоце, гледзячы на ваду, вагонь неба і вецер.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Сваёй наступнай.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Ува мне зашмат герояў жыве ад Паўлінкі да Сястры з аднайменнага рамана Кузьмы Чорнага, ня хочацца абмяжоўваць сябе кімсьці адным, а кагосьці — сабой.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Мама. Яна прыдумляла неверагодныя і праўдзівыя казкі жыцьця, на якіх я выгадавалася, у якія веру да гэтага часу. Падабаецца шмат замежных аўтараў, але назаву перадусім сваіх — Уладзімер Караткевіч, Уладзімер Жылка, Міхась Стральцоў. Улюбёныя аўтары увесь час зьмяняюцца — у залежнасьці ад узросту, жыцьцёвага пэрыяду і ўнутраных патрэбаў.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Пасьля працы працую ў архівах — чытаю сцэнары фільмаў, якія напісаў Ул. Караткевіч. Люблю слухаць беларускую прозу і драматургію, якую чытае мне Муз: Івана Шамякіна, Андрэя Макаёнка, Францішка Аляхновіча.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Польскай, ангельскай, украінскай. Крыху — па-француску, нямецку, славенску, баўгарску.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Першая, «Кроў Сусьвету», я пісала яе з 4 да 10 гадоў.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Кнігу, якая б называлася «Калыханка для Бога», а таксама кнігу «Кахай мяне па-беларуску...»

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Калі зьяджаю зь Беларусі і калі вяртаюся ў Беларусь.