Крымінальная справа ў дачыненьні да 57-гадовага татарскага актывіста Кашапава знаходзілася ў вытворчасьці цэнтральнага апарату сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэту Расеі па Татарстане.
Паводле сьледзтва, у мінулым годзе Рафіс Кашапаў разьмясьціў у інтэрнэце некалькі інфармацыйных матэрыялаў, якія, згодна з заключэньнем экспэртаў, скіраваныя на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі і на ўзбуджэньне міжнацыянальнай варожасьці, а таксама супраць асноваў канстытуцыйнага ладу і бясьпекі дзяржавы.
Падчас абвяшчэньня прысуду судзьдзя падкрэсьліў, што апублікаваныя матэрыялы былі даступныя неабмежаванаму колу асобаў. Агульная колькасьць падпісчыкаў Кашапава ў сацсетках перавышае 20 тысяч чалавек.
Сам Рафіс Кашапаў сваю віну не прызнаў. Ён растлумачыў, што ня лічыць свае пасты экстрэмісцкімі. Ніякага намеру заклікаць да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі і абуджаць міжнацыянальную варожасьць у яго не было.
Паводле Кашапава, ён лічыў неабходным расказаць аб праблемах вакол сытуацыі ва Ўкраіне і ў Крыме. У прыватнасьці, ён крытыкаваў палітыку прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна за далучэньне Крыму і лічыў, што магчымае знаходжаньне расейскіх войскаў у Данецку і Луганску прывядзе да вялікай вайны.
Адвакат асуджанага заявіла, што вэрдыкт будзе абскарджаны ў Вярхоўным судзе Татарстана.
Пакуль рашэньне суда не ўвайшло ў законную сілу, Рафіс Кашапаў будзе знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.
На думку праваабаронцаў з інфармацыйна-аналітычнага цэнтра «Сава», прысуд Кашапаву неправамоцны. Актывіст ўнесены ў сьпіс палітычных зьняволеных праваабарончым цэнтрам «Мэмарыял».
У 2014 годзе актывіст разьмясьціў на сваёй старонцы ў сеціве тэксты на палітычныя тэмы, у якіх апісваў прарасейскую адміністрацыю анэксаванага Крыму як «акупантаў» і параўноўваў Уладзімера Пуціна з Адольфам Гітлерам. Таксама ў матэрыялы справы трапіў «дэматыватар» з рэзкай крытыкай расейскай зьнешняй палітыкі.