Паводле прадстаўніка ўзброеных сіл Даніі маёра Эрыка Ботгера, інцыдэнт адбыўся ў чацьвер 10 верасьня. Расейскія бамбавікі Ту-22М у паветраную прастору Даніі не ўрываліся, аднак адпраўка зьнішчальнікаў бывае «нармальнай працэдурай» для сытуацый, калі да паветранай прасторы краіны набліжаюцца замежныя самалёты.
Ботгер падкрэсьліў, што, зь яго гледзішча, у гэтым эпізодзе не было «нічога драматычнага».
Раней на гэтым тыдні паведамлялася, што Вялікабрытанія падняла ў паветра зьнішчальнікі каралеўскіх ВПС Typhoon для суправаджэньня двух расейскіх бамбавікоў Ту-160, якія зьявіліся паблізу паветранай прасторы краіны.
Авіяцыя НАТО ўсё часьцей зьвяртаецца да такога сродку, як суправаджэньне расейскіх самалётаў на фоне напружанасьці паміж Захадам і Масквой з-за крызісу ва Ўкраіне.