Ярмошына: «Калі даведаемся, што хтосьці выкарыстоўвае замежныя грошы, адразу здымаем з выбараў»

Лідзія Ярмошына

Субота, 12 верасьня, для чатырох зарэгістраваных кандыдатаў на прэзыдэнта стала фактычна першым днём іх агітацыйнай кампаніі. Весьці яе прэтэндэнты абавязаныя ў межах выбарчага заканадаўства,— падкрэсьлівае старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. За нязначныя парушэньні кандыдатам могуць вынесьці афіцыйнае папярэджаньне, за грубыя — адразу зьняць з выбараў.

Цэнтарвыбаркам афіцыйна зарэгістраваў чатырох кандыдатаў на прэзыдэнта — Сяргея Гайдукевіча, Тацяну Караткевіч, Аляксандра Лукашэнку і Мікалая Ўлаховіча.

«Але гэта яшчэ не гарантыя, што ўсе чатыры прозьвішчы будуць занесеныя ў бюлетэні для галасаваньня, хоць мы на гэта і спадзяемся» — сказала ў размове са Свабодай старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына:

«Мы абавязаны адмовіць у рэгістрацыі альбо адмяніць яе, калі, напрыклад, будзе ўстаноўлена, што кандыдат выкарыстоўваў замежныя грошы, замежную дапамогу. Калі ж парушэньне ня вельмі значнае, мы выносім папярэджаньне. Калі яно стане паўторным, то можам адмяніць рэгістрацыю».

Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч сёньня пачала сваю агітацыйную кампанію каля ўнівэрсаму «Цэнтральны». Тут апытвалі людзей — ці патрэбна жыхарам Менску абіраць сабе мэра праз галасаваньне, ці мець старшыню гарвыканкаму, якога асабіста прызначае кіраўнік дзяржавы? Гэтая акцыя ўкладваецца ў тую частку выбарнай праграмы кандыдаткі, якая тычыцца рэформы дзяржаўнага кіраваньня.

Пра вынікі сымбалічнага галасаваньня Свабодзе распавёў кіраўнік выбарчага штабу Караткевіч Андрэй Дзьмітрыеў:

«Прагаласавала болей за 100 чалавек. І толькі чатыры подпісы былі за тое, каб старшыню гарвыканкаму прызначалі. У нас быў стэнд, на якім людзі альбо расьпісваліся, альбо ставілі крыжык — як заўгодна.

Мы сёньня кажам, што мэр патрэбны ня толькі сталіцы, але і ўсім рэгіёнам. Бо гэта прывядзе да разьняволеньня ініцыятывы ў рэгіёнах, і прывядзе да таго, каб людзям былі і праца, і камфортнае жыцьцё. Сёньня рэгіёны ў вельмі кепскім стане. Бо ўсё з-за бязьмежнай цэнтралізацыі, сканцэнтраванай ў адным горадзе. Так не павінна быць. Павінна жыць уся краіна».

Пра агітацыйныя пляны Тацяны Караткевіч і Мікалая Ўлаховіча наша радыё паведаміла яшчэ ўчора пасьля прэсавых канфэрэнцыяў гэтых прэтэндэнтаў. Сяргей Гайдукевіч праводзіць сустрэчу з журналістамі ў панядзелак.

Што тычыцца Аляскандра Лукашэнкі, то на ранейшых выбарах кіраўнікі ягоных штабоў падкрэсьлівалі: наш прэзыдэнт не праводзіць агітацыйную кампанію, ён проста працуе. Так лічыць і цяперашні кіраўнік ініцыятыўнай групы Міхаіл Орда, які гаворыць Свабодзе:

«Дык гэта і ёсьць выбарчая кампанія, калі людзі бачаць, як робіць кандыдат, будучы прэзыдэнтам. І бачаць вынік. Гэта і ёсьць яго і выбарчая кампанія, і работа».

Міхаіл Орда