Падманутыя дольшчыкі хацелі дагрукацца да Лукашэнкі, а трапілі ў пастарунак

Палац Незалежнасьці

Дольшчыкаў-пікетоўцаў Сяргея Шунько і Леаніда Красоўскага, а таксама журналістку Кацярыну Андрэеву, ​пратрымаўшы каля трох гадзін у пастарунку, адпусьцілі.

Падманутыя забодоўшчыкам дольшчыкі спрабавалі дагрукацца да кіраўніка дзяржавы, і 7 верасьня сталі з расьцяжкамі каля Палаца Незалежнасьці ў Менску.

Акцыя працягвалася лічаныя хвіліны, пасьля чаго яе ўдзельнікі пачалі разыходзіцца. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух зь іх — Сяргея Шунько і Леаніда Красоўскага, а таксама журналістку «Народнай волi» Кацярыну Андрэеву.

Гісторыя зь людзьмі, якія спрабавалі пабудаваць жыльлё на Валгаградзкай вуліцы ў Менску, цягнецца ня першы год. Забудоўшчыку ТАА «Валынь» горад вылучыў кавалак зямлі нёдалёка ад станцыі мэтро «Маскоўская». «Валынь» абяцала пабудаваць тры шматпавярховікі. Частку віртуальных на той момант кватэр у першым доме рэалізавалі праз аблігацыі (гарантам якіх выступіла страхавая кампанія), частку — па дамовах долевага будаўніцтва і дамовах пазыкі. У першым доме, паводле падлікаў пацярпелых, было прададзена 107 кватэр. Але дом вырас з катлавана да ўзроўню трэцяга паверха, і грошы ў «Валыні» скончыліся.

Цяпер кіраўніцтва фірмы-забудоўшчыка пад сьледзтвам. Фірма пачала працэдуру банкруцтва. А людзям ніхто нічога не абяцае. Толькі страхоўшчык гатовы вярнуць грошы паводле наміналу, у рублях, гэта значыць — у чатыры разы менш.

Дольшчыкі ўжо зьбіраліся пад «шкілетам» свайго дома, спрабавалі ўсталяваць там расьцяжкі. Але расьцяжкі здымала міліцыя. Людзі — а гэта каля сотні сем’яў, частка зь якіх уклала ў будоўлю апошняе, запісалі два відэазвароты да прэзыдэнта. Але яны ўпэўненыя, што ролікі на Youtube Аляксандру Лукашэнку ніхто не паказаў, піша tut.by.