Лукашэнка яшчэ думае, ці ісьці яму ў прэзыдэнты

Аляксандар Лукашэнка прымае прысягу пасьля першага абраньня на пасаду прэзыдэнта. Архіўнае фота, 1994 год

Дзейны кіраўнік Беларусі дагэтуль ня здаў у Цэнтральную выбарчую камісію дакумэнты, якія неабходныя, каб афіцыйна зарэгістраваць яго кандыдатам на пасаду прэзыдэнта.

4 верасьня ў Цэнтральную выбарчую камісію прынёс дакумэнты для рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта Мікалай Улаховіч. Пра гэта Свабодзе паведамілі сёньня ў ЦВК.

Раней аналягічныя дакумэнты падалі Тацяна Караткевіч і Сяргей Гайдукевіч. Такім чынам, з чатырох патэнцыйных кандыдатаў адпаведныя дакумэнты не паступілі пакуль толькі ад дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Як патлумачыла Свабодзе старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, кандыдаты абавязкова павінны напісаць заявы пра сваё жаданьне балятавацца і здаць поўны камплект неабходных дакумэнтаў. Калі яны гэтага ня зробяць, то ў Цэнтравыбаркаму зьявіцца падстава для адмовы ў рэгістрацыі.

Праўда, у Лукашэнкі ёсьць у запасе яшчэ адзін дзень, бо дакумэнты прымаюцца яшчэ і 5 верасьня. Да таго ж, падкрэсьліваюць у ЦВК, Выбарчы кодэкс дазваляе перадачу дакумэнтаў даверанай асобай патэнцыйнага кандыдата праз спэцыяльную даверанасьць.

Рэгістрацыя кандыдатаў Цэнтральнай выбарчай камісіяй заплянаваная на 10 верасьня, з 11-га пачынаецца пэрыяд перадвыбарчай агітацыі.

Паводле афіцыйных зьвестак, колькасьць сапраўдных подпісаў у Аляксандра Лукашэнкі склала 1 753 380, у падтрымку патэнцыйнага кандыдата Сяргея Гайдукевіча пасьля праверак засталося 139 877 подпісаў, у Віктара Цярэшчанкі — 6699, у Мікалая Ўлаховіча — 149 819, у Тацяны Караткевіч —105 278 сапраўдных подпісаў.