Былому дэпутату далі 17 гадоў за ўдзел у забойстве Старавойтавай

Міхаіл Глушчанка

Былы дэпутат расейскай Дзярждумы Міхаіл Глушчанка прысуджаны да 17 гадоў калёніі строгага рэжыму па справе аб арганізацыі забойства палітыка Галіны Старавойтавай.

Такі прысуд быў абвешчаны сёньня ў Кастрычніцкім раённым судзе Пецярбургу.

27 жніўня, выступаючы ў судзе з апошнім словам, Глушчанка папрасіў не адпраўляць яго ў турму, бо там яго могуць забіць. «Я прашу прабачэньня ва ўсяго рускага народу за гэты ўчынак». Зрабіць злачынства, заявіў Глушчанка, ён пагадзіўся з-за страху за сваё жыцьцё і жыцьцё блізкіх.

Дэпутат Дзярждумы Галіна Старавойтава была забітая ў Пецярбургу 20 лістапада 1998 году ў пад’ездзе дома каля сваёй кватэры. У чэрвені 2005 году гарадзкі суд прысудзіў удзельнікаў забойства Юрыя Колчына і Віталя Акіншына да доўгіх тэрмінаў зьняволеньня. Знаходзячыся ў калёніі, Колчын назваў арганізатарам забойства Міхаіла Глушчанку, які адбывае васьмігадовы тэрмін за вымагальніцтва. Глушчанка прызнаўся ў саўдзеле ў забойстве Старавойтавай. Ён таксама заявіў, што заказчыкам забойства быў Уладзімір Барсукоў (Кумарын), які ўзначальваў «тамбоўскую» злачынную групоўку.