Менскае Дынама ўсьлед за БАТЭ выйшла ў групавы турнір эўракубка

Фанаты футбольнага клюбу "Дынама-Менск" падчас матчу ў Цюрыху, архіўнае фота

Менскае «Дынама» другі год запар выйшла ў групавы раунд Лігі Эўропы УЭФА, выйграўшы па суме дзьвюх сустрэч аўстрыйскі «Зальцбург».

У першай сустрэчы 20 жніўня ў Берасьці беларуская каманда атрымала перамогу 2: 0, а 27-га на выезьдзе саступіла з такім жа лікам. Лёс пуцёўкі ў асноўную стадыю турніру вырашыўся ў сэрыі пэнальці, дзе мацнейшымі былі дынамаўцы — 3: 2. Брамнік дынамаўцаў Аляксандар Гутар адбіў тры пэнальці.

Лёсаваньне групавой стадыі Лігі Эўропы пройдзе 28 жніўня.

Цяперашняй восеньню беларускі футбол у эўракубках будзе зноў прадстаўлены дзьвюма камандамі: у групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў выступіць барысаўскі БАТЭ. Супернікамі барысаўскага БАТЭ ў групе будуць «Барсэлёна» з Гішпаніі, італьянская «Рома» з Рыму і «Баер» зь нямецкага Левэркузэну.