Урад Грэцыі ўпершыню ўзначаліла жанчына

Васілікі Тану

У Грэцыі сфармаваны пераходны ўрад, які ўпершыню ў гісторыі краіны ўзначаліла жанчына — старшыня Вярхоўнага суда Васілікі Тану. У чацьвер яна была прыведзеная да прысягі.

Тану і яе кабінэту трэба будзе кіраваць краінай, якая зьнемагала пад цяжарам праблемаў, як мінімум, да датэрміновых выбараў, прызначаных на 20 верасьня.

«Абавязкі часовага ўраду заключаюцца перш за ўсё ў тым, каб забясьпечыць правядзеньне нармальных і справядлівых выбараў», — сказала Тану падчас цырымоніі перадачы ўлады.

«Аднак, — працягвала яна, — улічваючы абставіны, якія склаліся, я думаю, гэтаму ўраду давядзецца заняцца рашэньнем надзённых праблемаў — такіх, як іміграцыя».

Грэцыі даводзіцца ня толькі рабіць намаганьні па выхадзе з зацяжнога эканамічнага крызісу, але і вырашаць праблему дзясяткаў тысяч нелегальных мігрантаў, якія прыбываюць у краіну ў асноўным з Сырыі, Аўганістану і Іраку, імкнучыся выратавацца ад вайны і тэрарызму.

Займаючы пасаду старшыні Вярхоўнага суду, Тану выступала супраць скарачэньня дзяржаўных выдаткаў і дапамог, а таксама іншых захадаў жорсткай эканоміі, якія Грэцыя павінна прыняць у якасьці адной з умоваў прадстаўленьня ёй яшчэ аднаго пакета эканамічнай дапамогі Эўразьвязам.

Васілікі Тану і Алексіс Цыпрас

Былы прэм’ер-міністар Алексіс Цыпрас падаў у адстаўку на мінулым тыдні — пасьля таго, як супраць яго выступілі многія зь яго паплечнікаў па левай партыі «СІРЫЗА», незадаволеныя жорсткімі ўмовамі атрыманьня пазык. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй краіны, апазыцыйным партыям была дадзеная магчымасьць сфармаваць новы ўрад, але ім не ўдалося гэта зрабіць.

Цыпрас па-ранейшаму карыстаецца папулярнасьцю ў Грэцыі. Усе прадказваюць, што «СІРЫЗА» зноў атрымае большасьць галасоў на выбарах, якія адбудуцца ў наступным месяцы, аднак Цыпрас можа не атрымаць дастатковай колькасьці галасоў для фармаваньня новага ўраду, паведамляе Голас Амэрыкі.