На амэрыканскіх біржах абваліліся курсы акцый і цана нафты

Індэкс Dow Jones перанёс рэкорднае падзеньне. Нафта WTI ўпала да 38 даляраў за барэль.

Таргі на амэрыканскіх фондавых біржах завяршыліся ў панядзелак рэзкім падзеньнем асноўных індэксаў. Самы рэпрэзентатыўны індэкс S&P 500 зьнізіўся амаль на чатыры адсоткі. Індэкс Dow Jones, які адлюстроўвае капіталізацыю 30 найбуйнейшых прамысловых канцэрнаў, упаў на 588 пунктаў, страціўшы каля трох з паловай працэнтаў цаны.

На працягу першых хвілін пасьля адкрыцьця гандлю Dow Jones абрынуўся больш чым на 1000 пунктаў, гэта самае буйное падзеньне ў гісторыі індэксу ў абсалютным выражэньні. Але скупка акцый, распачатая інвэстыцыйнымі фондамі і іншымі буйнымі інвэстарамі, дапамагла, паводле аналітыкаў, з большага нэўтралізаваць нэгатыўныя тэндэнцыі на фондавых біржах.

Падзеньне на амэрыканскіх фінансавых рынках, якое працягваецца ўжо некалькі дзён выкліканае трывогамі з нагоды запавольваньня эканамічнага росту ў Кітаі і магчымых нэгатыўных наступстваў гэтага для амэрыканскіх карпарацый.

Сумневы з нагоды будучыні эканамічнага росту ў Кітаі справакавалі і чарговае рэзкае падзеньне коштаў нафты, якая здабываецца ў ЗША. Заходнетэхасская нафта WTI патаньнела ў панядзелак на пяць з паловай адсоткаў да 38 даляраў 24 цэнтаў за барэль. Нафта маркі Brent страціла на таргах ў Лёндане больш за шэсьць адсоткаў цаны, за барэль там давалі 42 даляры 69 цэнтаў.

Аналітыкі пакуль не бяруцца прадказваць ці зьяўляецца цяперашняе падзеньне кароткатэрміновай карэкцыяй альбо пачаткам зацяжнога спаду.