Аўтар экспазыцыі — папулярны і адначасова таямнічы мастак-графіціст, палітычны актывіст Бэнксі (Banksy). Навінка рэклямуецца як «сямейны тэматычны парк, які не падыходзіць дзецям». Або папросту антыпарк.
Мэта праекту — пасьмяяцца з «сапраўдных дзіцячых паркаў» зь іх нярэдка безгустоўным афармленьнем і звыклымі героямі. Інсталяцыі ў «Дысмалэндзе» створаныя групай з амаль 60 мастакоў, сярод якіх сам Бэнксі, Дэміен Хёрст і Джэні Хольцэр.
У парку можна ўбачыць сьветла-ружовую копію замка Папялушкі, саму Папялушку, якая патрапіла ў аварыю, панылы макет гатычнага замка, гіганцкую мэталічную скульптуру каня... Усё выглядае так, як быццам парк спрабавалі разбурыць, але кінулі гэты занятак на паўдарозе.
Задума мастакоў палягае і ў пастаянным узаемадзеяньні экспанатаў і наведвальнікаў, уцягваньні апошніх у гульню. Пры гэтым пэрсанал, апрануты ў ружовае, паводзіць сябе змрочна-правакацыйна.
Парк будаваўся ў рэжыме строгай сакрэтнасьці пад прыкрыцьцём здымак фільму. «Дысмалэнд» будзе працаваць да 27 верасьня 2015 году.