ФОТАФАКТ: Савецкая вайсковая тэхніка — зноў на вуліцах Прагі

У пятніцу Чэхія успамінае 47-гадовую гадавіну ўварваньня войскаў краінаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе.

У цэнтры Прагі ўсталявалі некалькі адзінак вайсковай тэхнікі, якая мусіла нагадваць пра падзеі 1968 году. Побач з машынамі разьмешчаныя стэнды з фотаздымкамі і плякатамі «Рускія, вяртайцеся дадому». Як адзначаюць карыстальнікі сацыяльных сетак, плякаты выклікалі абурэньне расейскіх турыстаў.

На адным са стэндаў хтосьці асадкай напісаў: «Не ганіце на рускіх! Рускія за мір. Добрае забыліся. Памятаеце толькі дрэннае?»

Экспанаты вайсковай тэхнікі былі пазычаныя ў Інстытуце ваеннай гісторыі ў Празе.

У 11 гадзінаў дня палітыкі і грамадзкасць ўшанавалі памяць ахвяраў акупацыі ў межах акцыі памяці, якая прайшла каля будынка Чэскага радыё. У жніўні 1968 года каля будынка радыё загінулі некалькі няўзброеных дэманстрантаў.

У другой палове дня на Вацлаўскай плошчы прайшоў музычны хэпэнінг з удзелам розных музыкаў, а людзі змаглі таксама паглядзець гістарычныя фатаграфіі таго часу.

Войскі пяці краін Варшаўскай дамовы перасеклі дзяржаўныя межы Чэхаславаччыны ў ноч на 21 жніўня 1968 года. Тым самым была гвалтоўна спыненая спроба рэфармацыі сацыялістычнай Чэхаславаччыны.

Фота Крысьціны Шыянок