Усю расейскамоўную вікіпэдыю ў Расеі могуць заблякаваць за адзін артыкул

У Расеі ў рэестар забароненых сайтаў унесьлі артыкул у расейскамоўнай Вікіпэдыі «Чарас». Гэта было зроблена паводле рашэньня Чарнаярскага раённага суду Астраханскай вобласьці.

Як адзначаецца ў судовым рашэньні, у артыкуле дэманструецца спосаб прыгатаваньня наркатычнага рэчыва, таму інфармацыя ў ёй прызнаецца забароненай для распаўсюду на тэрыторыі Расеі.

Пазьней у суполцы «Роскомнадзора» у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» зьявілася паведамленьне з пагрозай заблякаваць усю Вікіпэдыю, калі артыкул ня будзе выдалены. «Роскомнадзор» патлумачыў гэта тым, што пратакол HTTPS, на якім працуе Вікіпэдыя, не дапускае абмежаваньня доступу да асобных старонак.

У адказ выканаўчы дырэктар «Викимедиа.Ру» Станіслаў Казлоўскі паведаміў расейскім журналістам, што адміністрацыі інтэрнэт энцыкляпэдыі ня будзе выдаляць артыкул. Ён патлумачыў, што інфармацыя там узятая з сайта ААН і ўсе крыніцы там акадэмічныя. Ён таксама дадаў, што адміністрацыя сайта гатовая да блякіроўкі на ўсёй тэрыторыі Расеі.