20 краінаў заключылі пакт аб кібэрнэтычным ненападзе

Прадстаўнікі 20 краінаў дамовіліся аб выкарыстаньні сучасных інфармацыйных тэхналёгіяў выключна ў мірных мэтах і папярэджаньні магчымых канфліктаў, зьвязаных зь іх ужываньнем.

Пра гэта сёньня паведаміла расейская газэта «Коммерсант» са спасылкай на даклад групы ўрадавых экспэртаў ААН па міжнароднай інфармацыйнай бясьпецы.

Аб ненападзе ў кібэрпрасторы, у прыватнасьці, дамовіліся Расея, ЗША, Кітай, Вялікабрытанія, Францыя, Бразылія, Японія, Паўднёвая Карэя і Ізраіль. З дакумэнта вынікае, што гэтыя краіны ня будуць выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналёгіі для нападаў на атамныя электрастанцыі, банкі, сыстэмы кіраваньня транспартам і водазабесьпячэньнем. На дадзеным этапе дакумэнт, які рыхтавалі некалькі гадоў, носіць рэкамэндацыйны характар. Цяпер яго павінна разгледзець Генэральная асамблея ААН.