Беларусу, які ваюе на баку Ўкраіны, адмовілі ў статусе ўцекача

Украінскі добраахвотніцкі батальён «Тарнада». Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Беларусі, які ваюе ў АТА, паведаміў у Facebook пад псэўданімам Рустам Док, што нядаўна зьвярнуўся ў міграцыйную службу з просьбай па ўкраінскае грамадзянства. Яму адмовілі, тады ён зьвярнуўся па статус уцекача: «І вось, учора, раптам прыйшоў ліст з Міграцыйнае службы, дзе мне адмаўляюць у прыняцьці дакумэнтаў у сувязі з „необоснованностью оснований“ и „отсутствием боязни преследования“...»

«Абставінаў, якія могуць пагражаць вашаму жыцьцю, бясьпецы ці свабодзе ў краіне паходжаньня праз рызыку ўжываньня да вас сьмяротнага пакараньня, катаваньняў ці абыходжаньня, якое прыніжае годнасьць, выяўлена не было», — гаворыцца ў адказе Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны.

У кастрычніку летась старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык папярэджваў, што беларускія грамадзяне — удзельнікі ўзброенага канфлікту ва Ўкраіне на любым з бакоў — могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулу «найміцтва», які прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Рустам піша, што нейкім чынам яго заява апынулася ў руках «сэпаратыстаў з Расеі»: «Некалькі тыдняў таму адзін добры чалавек і патрыёт пагадзіўся мне дапамагчы і адправіў да Сергіенкі (першы намесьнік начальніка Міграцыйнае службы) запыт з просьбай дапамагчы з прадстаўленьнем мне статусу ўцекача, паколькі я грамадзянін Беларусі і ваяваў на баку Ўкраіны. Вынік: праходзіць некалькі тыдняў і сэпаратысты з Расеі дасылаюць мне фота гэтага звароту, прычым арыгінала. Хто зьліў і адкуль, я, думаю, усім відавочна.»

«З чым менавіта гэта зьвязана — з уцечкай інфармацыі ці з тым, што хтосьці яе „зьлівае“, мы не бярэмся судзіць. Але факт ёсць факт. І ганебны», — піша група Эўрамайдан SOS і нагадвае, што гісторыя Рустама не зьяўляецца адзінкавым выпадкам, а тычыцца многіх людзей.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Пятро Парашэнка абяцаў даць украінскае грамадзянства усім іншаземцам-добраахвотнікам, якія ваююць у Данбасе на баку Ўкраіны. На мінулым тыдні група грамадзкіх арганізацыяў Украіны апублікавала зварот да прэзыдэнта аб прадстаўленьні грамадзянам Беларусі, якія ваююць за Ўкраіну, прынамсі статусу ўцекачоў.