Макей: Данецкая і Луганская вобласьці — неад’емная частка Ўкраіны

Уладзімер макей

Беларусь падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і лічыць Данецкую і Луганскую вобласьці неад’емнай часткай гэтай краіны.

Пра гэта па выніках перамоваў заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей 12 жніўня ў Кіеве на сумесным брыфінгу з украінскім калегам Паўлам Клімкіным.

«Прэзыдэнт Беларусі на гэты конт выказаўся адназначна — Данецкая і Луганская вобласьці былі, ёсьць і будуць у складзе Ўкраіны, і гэтым усё сказана», — сказаў Макей.

Таксама ён паведаміў, што Беларусь гатовая адкрыць у Менску тэхнічны офіс АБСЭ для працы кантактнай групы па Ўкраіне.

«Са свайго боку мы гатовыя зрабіць усё магчымае, каб менскія дамоўленасьці выконваліся», — сказаў Макей.

Паводле Макея, Беларусь можа аказаць гуманітарную дапамогу Ўкраіне «на аснове ўкраінскага заканадаўства».

Уладзімер Макей заявіў, што Беларусь ня мае намеру зрываць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Украінай у сувязі са стварэньнем зоны свабоднага гандлю паміж Украінай і ЭЗ:

«Мы ня маем намеру рабіць нейкія эмацыйныя крокі, якія будуць накіраваныя на зрыў гэтага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва».

Таксама Макей заявіў, што Беларусь і Ўкраіна маюць намер актывізаваць працэс дэмаркацыі сумеснай мяжы і разьлічваюць на садзейнічаньне Эўразьвязу.

Кіраўнік МЗС Беларусі адзначыў, што перамовы прайшлі ў «досыць канструктыўнай і адкрытай атмасфэры, як і водзіцца паміж сяброўскімі краінамі».

«Мы маем намер працягнуць гэты дыялёг і ў Адэсе, калі гэта не сакрэт, таму што мы зацікаўленыя ў тым, каб больш актыўна разьвіваць наша супрацоўніцтва ў транспартна-лягістычнай сфэры, і паўднёвыя парты Ўкраіны ўяўляюць для нас асаблівую цікавасьць. Таму мы спадзяемся там абмеркаваць пытаньні павелічэньня перавалак нашых грузаў праз парты Адэсы, Ільічоўску і іншыя паўднёвыя парты Ўкраіны».

Уладзімер Макей знаходзіцца з працоўным візытам ва Ўкраіне з 12 па 16 жніўня.13 жніўня ён наведае Адэсу. Павал Клімкін не ўдакладніў праграму візыту беларускага міністра, але адзначыў, што «там будзе шмат цікавага».