Цікавасьць да збору подпісаў спала. З-за сьпёкі і апатыі

Збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку

Рэпартаж Свабоды з Гомеля, дзе каля гандлёвых цэнтраў працягваюць зьбіраць подпісы за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцтва.

У Гомелі зьбіральнікі подпісаў адзначаюць значнае паніжэньне цікавасьці да вулічных пікетаў, на якіх ідзе збор подпісаў за прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. І віною таму ня столькі жнівеньская сьпёка, што ўсталявалася апошнім часам, колькі ўсьведамленьне людзей, што прэзыдэнцкія выбары ня зьменяць сытуацыю ў краіне. Рэпартаж з Гомеля.

«Людзі баяцца, бо папярэдзілі»

Каля гандлёвага цэнтру «АЛМІ» на вуліцы Мазурава каторы дзень зьбірае подпісы за лідэра Партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна сябра яго ініцыятыўнай групы Мікалай Засускі:

«Збор подпісаў ідзе слаба. Зраніцы сёньня — 4 подпісы. Гэта ўжо прарыў. Бывае, што адзін подпіс здабудзеш да абеду. Першыя дні ішлі больш жвава. Потым людзі сталі падыходзіць і казаць, што іх падпісалі ўжо на прадпрыемствах. Наказвалі, каб прыходзілі з пашпартамі. „Гомсельмаш“ прыгадвалі ды іншыя прадпрыемствы — з розных раёнаў гораду. Калі на працы паставілі подпіс, то ўжо адмаўляліся: „Больш ні за кога ня будзем падпісвацца“. Баяцца, бо папярэдзілі».

Пікет за Сяргея Калякіна

«Паверце мне, усё ўжо вырашана»

На думку зборшчыка подпісаў, улады навязваюць людзям стэрэатып: калі на прэзыдэнцтва прыйдзе апазыцыя, то будзе так, як ва Ўкраіне:

«Калі апазыцыя, то абавязкова будзе вайна — так, як ва Ўкраіне».

Гараджанка Тацяна кажа, што яна наагул ня бачыць такога прэтэндэнта, які б «выцягнуў» краіну. Дый дзейны кіраўнік дзяржавы сваё месца нікому не саступіць:

«Я, напрыклад, ня бачу таго кандыдата, які б здолеў „пацягнуць“ нашу краіну. Магчыма, яго й не паказваюць — самі ж разумееце, што ў нас і як. Мы бачым тое, што нам паказваюць. Думаю, што месца сваё Лукашэнка нікому не саступіць. Паверце мне, усё ўжо вырашана».

Як распавяла Свабодзе адна з супрацоўніц Гомельскага каледжу кулінарыі, якая цяпер знаходзіцца ў адпачынку, ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі выкарыстоўвае адміністратыўны рэсурс:

«Сяджу ў адпачынку. Мне патэлефанавалі з адміністрацыі — трэба паўдзельнічаць у акцыі, таму прыяжджайце з пашпартам. Адказваю, а калі я не хачу, калі я зрабіла выбар? Чаму я павінна ехаць і добраахвотна-прымусова ставіць подпіс?»

У мінулую суботу на пляцоўцы каля новага ўнівэрмагу, дзе зьбіраюць подпісы адразу за трох прэтэндэнтаў, таксама вызначыліся зборшчыкі подпісаў за Аляксандра Лукашэнку — арганізавалі побач выставу ўмельцаў, каб прыцягнуць увагу мінакоў. Гэта адразу кінулася ў вочы гараджанам.

Распавядае адзін з выкладчыкаў унівэрсытэту:

«Побач зь пікетам Лукашэнкі зладзілі такое агітацыйнае мерапрыемства пад лёзунгам „За квітнеючую Беларусь!“ Яны выставілі рамесьнікаў, тыя сядзяць і нібыта нешта прадаюць. Але бачна, што гэтае мерапрыемства носіць не камэрцыйны, а агітацыйны характар». Больш за тое, настаўнікаў са школ прыгналі, каб яны гэта падтрымлівалі. Насуперак іх волі прыгналі, яны скардзіліся на гэта».

«Лябедзька прапануе мільён працоўных месцаў, Лукашэнка — адно для Дэпардзьё»

Нявер’е гомельцаў у перамены спараджае й недавер да праграмаў апазыцыйных вылучэнцаў на кандыдыта ў прэзыдэнты. Да прыкладу, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прапануе стварыць мільён новых працоўных месцаў.

Пікет у падтрымку Анатоля Лябедзькі

Аляксандар Лукашэнка перасьцярог ад зьяўленьня прапановаў, далёкіх ад выкананьня, — накшталт «мільён працоўных месцаў».

«Дзе мы возьмем гэты мільён чалавек пад мільён працоўных месцаў? Папулісцкія такія вось лёзунгі. А па-другое, каб стварыць мільён працоўных месцаў, трэба 10 мільярдаў даляраў, а мо і больш», — заявіў Лукашэнка.

Некаторыя гамельчукі, як прыкладам спадар Мікалай, таксама пачалі сумнявацца:

«Нерэальна мільён працоўных месцаў. Гэта папулізм».

Зьбіральнік подпісаў за Анатоля Лябедзьку ў Гомелі Уладзімер Няпомняшчых у сваю чаргу кажа, што маладыя гамельчукі добра рэагуюць на такую ініцыятыву прэтэндэнта на ўдзел у выбарах. Бо гэта значна лепш, чым не ствараць анічога, ці, напрыклад, адно працоўнае месца для французкага актора, якое прапанаваў Аляксандар Лукашэнка:

«Наш вылучэнец у кандыдаты Анатоль Лябедзька прапануе мільён працоўных месцаў, а Аляксандар Лукашэнка прапануе толькі адно месца — касца, і тое не для беларуса, а для француза Дэпардзьё».