У Таджыкістане расейскія вайскоўцы зьнішчылі відэазапісы Радыё Свабода

У Таджыкістане расейскія ваенныя афіцэры адабралі і часткова зьнішчылі відэаматэрыялы журналістаў Радыё Свабода, якія асьвятляюць судовы працэс у Душанбэ, які прыцягвае вялікую ўвагу.

Нягледзячы на дазвол расейскага судзьдзі суда 109-га гарнізона Ўзброеных сіл Расеі ў Душанбэ Дьзмітрыя Норвінда весьці відэазапіс, пасьля заканчэньня судовага паседжаньня карэспандэнтаў Радыё Озодзі — таджыцкай службы Радыё Свабода — Абдула Ашурава і Амрыдзіна Алім спынілі і дапыталі расейскія вайскоўцы. Адзін зь іх, які прадставіўся палкоўнікам Перапяліцай, адабраў відэатэхніку. Калі праз гадзіну яе вярнулі, частка запісаў была зьнішчаная.

Па словах карэспандэнтаў, палкоўнік груба абражаў іх, а Радыё Свабода называў «інструмэнтам антырасейскай амэрыканскай прапаганды».

Журналісты Радыё Свабода асьвятляюць суд у Душанбэ над двума расейскімі ваеннымі, якіх падазраюць у забойстве таджыка, кіроўцы таксі. Судзьдзя дазволіў ім здымаць на пасяджэньнях суду, які працягваецца з аўторка, відэасюжэт на 5 хвілінаў.

Расея трымае ў Таджыкістане, які зьяўляецца яе саюзьнікам у рэгіёне, каля 7 з паловай тысяч сваіх вайскоўцаў. Аб’екты 201-й расейскай ваеннай базы ў Таджыкістане разьмешчаныя ў гарадах Душанбэ, Кургантэпа і Кулаба, а таксама на некалькіх палігонах.