Ігар Леднік: удзел апазыцыі ў выбарах — гэта саўдзел у злачынстве

Ігар Леднік

Грамадзкі актывіст і прадпрымальнік Ігар Леднік заклікае апазыцыю замест удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах правесьці кампанію па адхіленьні Аляксандра Лукашэнкі ад улады.

Ігар Леднік зьвярнуўся ў Цэнтравыбаркам з просьбай адмяніць рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі. З пункту гледжаньня актывіста, прававая падстава для гэтага — заключэньне Спэцыяльнай камісіі Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня па прававой ацэнцы парушэньняў Аляксандрам Лукашэнкам Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь. Правядзеньне 24 лістапада 1996 году рэфэрэндуму па зьмене Канстытуцыі камісіяй пад кіраўніцтвам Віктара Ганчара было ацэнена як крымінальнае злачынства — захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

«Ёсьць заключэньне спэцкамісіі Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. У гэтым заключэньні выразна сказана, што ў 1996 годзе адбыўся канстытуцыйны пераварот. Гэтае заключэньне павінна было быць публічна агучана 19 верасьня 1999 году, але 16-га верасьня Ганчар зьнікае. Гэтае заключэньне цяпер, па сутнасьці, не запатрабаванае нашай апазыцыяй», — заявіў Леднік Радыё Свабода.

Гэта ўжо ня першы зварот у дзяржаўныя органы наконт адхіленьня Лукашэнкі ад улады. У 2010 годзе, падчас прэзыдэнцкай кампаніі, праваабаронца Гары Паганяйла зьвярнуўся ў Палату прадстаўнікоў і Савет міністраў з заклікам распачаць працэдуру адхіленьня Лукашэнкі ад улады, якая прадугледжана ч. 2 арт. 88 Канстытуцыі (аб датэрміновым вызваленьні прэзыдэнта ад пасады), выставіць яму абвінавачаньне паводле артыкула 357 Крымінальнага кодэксу («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады») і арганізаваць расьсьледаваньне.

Паводле слоў Ледніка, сёньня сытуацыя зь легітымнасьцю Аляксандра Лукашэнкі абвастраецца складанай міжнароднай абстаноўкай — вайной ва Ўкраіне. Таксама гэта перашкаджае крокам у кірунку эўраінтэграцыі Беларусі, у прыватнасьці, у межах «Усходняга партнэрства».

У адказе ЦВК адзначаецца, што ў звароце Ігара Ледніка «не прыводзіцца зьвестак, якія маглі б паслужыць падставай для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэньні А.Г. Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь».

Далей Ігар Леднік зьбіраецца зьвяртацца ў пракуратуру і весьці кампанію па зваротах грамадзян да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

«Потым можна будзе ўздымаць пытаньне аб адказнасьці гэтых дэпутатаў, якія, па сутнасьці, працуюць не на народаўладзьдзе, а на пажыцьцёвае і незаконнае ўтрыманьне ўлады адзіным чалавекам. Гэта адказнасьць паводле крымінальнага кодэксу. Гэта ўжо зусім іншая кампанія, чым выбары», — кажа актывіст.

Леднік цалкам адмоўна ставіцца да ўдзелу апазыцыі ў прэзыдэнцкіх выбарах:

«Я лічу, што гэта саўдзел у злачынстве. Бо гэта ня выбары, гэта чарговы этап незаконнага „пераабраньня“. Лідэры гэтых палітычных сілаў ведаюць, што ёсьць такое заключэньне, але яны не карыстаюцца ім. А цяпер яны паказваюць усім выбарцам, што нібыта Лукашэнка законапаслухмяны грамадзянін, ён мае права ўдзельнічаць у выбарах. А гэта ня так. Яны, па сутнасьці, парушаюць выбарчыя правы грамадзян тым, што сваім удзелам паказваюць, што і сам Лукашэнка можа ўдзельнічаць у выбарах».

Паводле слоў Ледніка, дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, калі яны стаяць на пазыцыях вяршэнства права, павінны прытрымлівацца заключэньня спэцкамісіі. Самі дэпутаты 13-га скліканьня — аснова пераемнасьці ўлады, упэўнены Леднік. Ён лічыць, што каардынаваць працэс зьмены ўлады павінна Рада БНР на падставе Віленскай дэклярацыі 2012 году «Аб мерах па забесьпячэньні незалежнасьці Беларусі».