Невядомыя капальнікі пагаспадарылі ў «віцебскіх Курапатах»

Нехта павыцягваў зь зямлі і склаў чалавечыя косткі

У лесе каля Хайсоў, па сьведчаньнях старажылаў, у 1930-я гады расстрэльвалі людзей. Да гэтай пары тут знаходзяць непахаваныя чалавечыя парэшткі, а таксама фрагмэнты адзеньня і абутку. Звароты грамадзян у Сьледчы камітэт, пракуратуру і міліцыю нічога не далі: чалавечыя косткі так і ляжаць раскіданымі па лесе — ці проста ў траве, ці ў вялікіх ямінах. Пазаўчора сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў заўважыў, што ямы нехта разварушыў:

У ямах — сьвежараскапаны жвір

«Час ад часу мы сюды прыходзім — глядзім, каб тут ніхто нічога не парушыў. І вось бачым: ямы раскапаныя, косткі падаставалі, нейкія забралі, а нейкія склалі побач. Абутак таксама нехта пераглядаў — яго склалі на краі ямы, нехта нават паліў тут вогнішча. Вядома, мы будзем пісаць заявы ў Сьледчы камітэт і ў пракуратуру, каб разьбіраліся — кто тут капае, што шукае і навошта».

Ян Дзяржаўцаў фатаграфуе факты вандалізму

Актывісты яшчэ ўвосень мінулага году зьвярталіся ў кампэтэнтныя органы, каб тут правялі дасьледаваньне. Пасьля першага звароту была заведзеная крымінальная справа, але яе неўзабаве закрылі. Пра вынікі другой заявы, якую ў Сьледчы камітэт, міліцыю і пракуратуру падавалі сёлета ўвесну, Яну Дзяржаўцаву і ягоным аднадумцам увогуле нічога не вядома. Актывістаў ня лічаць заяўнікамі па гэтай справе, бо ў Сьледчы камітэт Віцебскага раёну яе пераслалі з абласной структуры, і цяпер заяўнікамі стала вышэйшае сьледчае начальства.

Каля раскапаных ям раскіданыя фрагмэнты абутку

Удалося даведацца толькі пра вынікі экспэртызы малой часткі парэшткаў, якія забралі зь лесу ў мінулым лістападзе. Экспэртыза здолела вызначыць толькі адно: гэтым парэшткам больш за 50 гадоў. А прычыну і даўніну сьмерці вызначыць нібыта немагчыма. І таму парэшткі, якія пабывалі на экспэртызе спачатку ў Віцебску, а потым у Менску, проста перададзеныя службам ЖКГ для пахаваньня.

Чалавечыя косткі прысыпаны жвірам

Што за раскопкі адбываюцца ў лесе зараз, невядома. Побач зь ямай нехта кінуў пальчаткі, паўсюль сьвежы жвір, частка парэшткаў зьнікла, астатняе закапана ў гэтым жвіры, закапаныя і фрагмэнты адзеньня ды абутку, якія маглі б стацца аб’ектам вывучэньня экспэртаў. На думку Яна Дзяржаўцава, так могуць дзейнічаць нейкія спэцслужбы, якія хочуць зьнішчыць сьляды сталінскіх злачынстваў:

Нехта паліў тут вогнішча

«Гэтыя людзі — не „чорныя капальнікі“. Косткі капальнікам без патрэбы, яны шукаюць нейкія каштоўнасьці. А тут зьнікла частка парэшткаў, выкінуты ўвесь абутак. Відаць, нешта глядзелі. І палілі вогнішча. „Чорныя капальнікі“ вогнішчаў не паляць — трошкі пакапаюць, ды ўцякаць, пакуль ніхто не заўважыў... Таму я раблю выснову, што тут працавалі нейкія спэцслужбы. Іхная мэта — забраць парэшткі, каб нельга было высьветліць, што тут за людзі загінулі, хто яны. І зьнішчыць доказы — асабістыя рэчы, кулі, патроны ды гільзы ад іх».

Што шукалі ў гэтых пальчатках?

Старшыня Мазалаўскага сельсавету Леанід Дубіна яшчэ ў траўні казаў, што выкліча на раскопкі адмысловы батальён, які займаецца эксгумацыяй парэшткаў. Аднак вайскоўцы дагэтуль не прыязжалі, так што ямы з парэшткамі раскопвалі відавочна не салдаты-адмыслоўцы.

Фрагмонты абутку — і мужчынскага, і жаночага

Чалавечыя косткі ў лесе спадар Дубіна бачыў на ўласныя вочы, і сам ж зрабіў высновы, што гэта, найхутчэй, пахаваньне мірных жыхароў. Тым ня менш, 14 траўня ў раённай газэце «Жыцьцё Прыдзьвіньня» зьявіўся артыкул пра тое, што ў гэтых мясьцінах ішлі баі падчас Вялікай Айчыннай вайны, і што работнікі Сьледчага камітэту знайшлі тут ня толькі парэшткі, але й гільзы ад зброі таго часу. Асобна акцэнтавалася, што вандалізм і «чорнае капальніцтва» ў такіх мясьцінах будзе карацца паводле заканадаўства.

Чалавечыя парэшткі ляжаць проста на сьцежцы

Мясцовыя ўлады відавочна хацелі пакараць за «чорнае капальніктва» і актывістаў грамадзкай ініцыятывы «Хайсы», створанай дзеля таго, каб дамагчыся праўда пра расстрэлы ў гэтых мясьцінах. Яну Дзяржаўцаву і ягоным сябрам некалькі разоў дасылалі выклікі ў Мазалаўскі сельсавет «у сувязі з правядзеньнем раскопак». Аднак выклікі даходзілі са спазьненьнем, і трапіць да прызначанага тэрміну актывістам не ўдалося. Калі ж яны прыехалі, то сакратарка Кацярына Каралёва сказала, што «ужо позна», што «нічога не трэба». А калі актывісты выказалі жаданьне сустрэцца са старшынём, наўпрост спытала: «Вы што, усе-такі хочаце штрафу?»

Актывісты патрабуюць адказу, хто гэта зрабіў

На думку Яна Дзяржаўцава, на іх маглі скласьці пратаколы за правапарушэньне пасьля падзеяў 13 траўня — калі яны паказалі парэшткі старшыні сельсавету. І той наўпрост заявіў, што ў любым выпадку — хто б ні былі пахаваныя тут людзі — грошай на ўшанаванне іхнай памяці ў яго няма.

Ян Дзяржаўцаў

Дарэчы, спадар Дубіна бачыў, што актывісты ніякіх саматужных раскопак тут не праводзілі — косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі ляжаць на паверхні. Таму вінаваціць іх няма падставаў, а разьбірацца, хто разварушыў пахаваньне гэтымі днямі, трэба тэрмінова, лічыць Ян Дзяржаўцаў.