Дачыч: Менск стаў сымбалем мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне

Дзейны старшыня АБСЭ, міністар замежных спраў Сэрбіі Івіца Дачыч знаходзіцца ў Менску з працоўным візытам.

Івіца Дачыч і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей правялі сумесную прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў пасьля сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам.

Дачыч сказаў, што прыехаў у Менск дзеля таго, каб падтрымаць працу кантактнай групы па пытаньні Ўкраіны.

«Вельмі б хацелася, каб невялічкія крокі ўрэшце ператварыліся ў адзін вялікі крок па пераходзе сытуацыі ва Ўкраіне ад небясьпечнай да мірнай», — сказаў ён.

Уладзімер Макей выказаў пазыцыю беларускага боку ва ўкраінскім канфлікце, якая, паводле яго, палягае ў наступным:

Мы зацікаўленыя ў тым, каб як мага хутчэй ва Ўкраіне ўсталяваўся мір і спакой.

«Мы зацікаўленыя ў тым, каб як мага хутчэй ва Ўкраіне ўсталяваўся мір і спакой. Менскія дамоўленасьці — гэта адзіная аснова для мірнага працэсу, а трохбаковая кантактная група, якая працуе ў Менску, і ёсьць інструмэнт гэтага працэсу».

Прэсавая канфэрэнцыя была кароткая. Дзейны старшыня АБСЭ сказаў, што яшчэ раз зьявіцца перад журналістамі, але ўжо ўвечары, пасьля заканчэньня паседжаньня трохбаковай кантактнай групы.