За ўшанаваньне праваабаронцы Кіргізстан пагражае разарваць адносіны з ЗША

Азімджан Аскараў у турме ў Бішкеку

У сувязі з рашэньнем ЗША узнагародзіць кіргіскага праваабаронцу Азімджана Аскарава, які знаходзіцца за кратамі, у міністэрства замежных спраў Кіргізстану выклікалі часовага паверанага ў справах ЗША Рычарда Майлза.

Кіргізкі ўрад паінфармаваў пра намер у аднабаковым парадку разарваць дамову пра супрацоўніцтва з ЗША , якая была заключаная ў 1993 годзе. Напярэдадні сын Аскарава атрымаў за бацьку ў Вашынгтоне ўзнагароду Дзярждэпартамэнту ЗША ў галіне абароны правоў чалавека за 2014 год.

Аскараў, узьбек па нацыянальнасьці, адбывае пажыцьцёвае зьняволеньне. Ён быў абвінавачаны ў арганізацыі сутыкненьняў паміж кіргізамі і ўзьбекамі ў 2010, якія скончыліся чалавечымі ахвярамі. Яго таксама абвінавацілі ў датычнасьці да гібелі супрацоўніка паліцыі ў часе гэтых непарадкаў. Праваабаронца абвяргае гэтыя абвінавачаньні і называе сваю справу палітычна матываванай.

Аскараў падаў скаргу ў камітэт па правах чалавека ААН, дзе гаворыць пра незаконны арышт, зьбіцьцё паліцэйскімі, сфабрыкаваныя абвінавачаньні, запалохваньне сьведкаў абароны.