Суд у ЗША прызнаў Джэймса Холмса вінаватым у забойстве 12 чалавек

Джэймс Холмс падчас судовых слуханьняў у 2013 годзе

Суд адхіліў спробу абароны даказаць неасуднасьць абвінавачанага падчас страляніны ў кінатэатры ў горадзе Аўрора ў Каларада.

Суд прысяжных у штаце Каларада прызнаў вінаватым у наўмысным забойстве 27-гадовага Джэймса Холмса, які застрэліў 12 чалавек і параніў 58 чалавек у кінатэатры ў прыгарадзе Дэнвера чатыры гады таму. Адначасова з гэтым суд прызнаў Холмса вінаватым па іншых пунктах абвінавачваньня, уключаючы замах на забойства і выкарыстаньне выбухоўкі.

Холмс уварваўся ў кінатэатар позна ўвечары 20 ліпеня 2012 году падчас прэм’еры фільму «Цёмны рыцар», кінуў у залу балён са сьлезацечным газам і страляў па гледачах з пісталета і аўтамата. Ён быў затрыманы на стаянцы для аўтамабіляў каля кінатэатра. Пазьней высьветлілася, што ён таксама замінаваў сваю кватэру.

Холмс не адмаўляў, што адкрыў страляніну ў кінатэатры, але адмаўляўся прызнаць сваю віну, сьцьвярджаючы, што пакутуе ад псыхічнага разладу і што ў момант злачынства ён быў неасудны.

Мера пакараньня Холмсу будзе вызначаная пазьней. Законы штата Каларада прадугледжваюць сьмяротнае пакараньне за такога кшталту злачынствы.