Экспэрты ААН атрымаюць права наведваць іранскія ядзерныя аб’екты, але не адразу пасьля запыту

Фрагмэнт перамоваў. Міністар замежных справаў Францыі Ляран Фабіюс.

Іранскія і заходнія дыпляматы заявілі сёньня, што Тэгеран і асноўныя сусьветныя дзяржавы дасягнулі доўга рыхтаванага гістарычнага пагадненьня, якое абмяжоўвае іранскую ядзерную праграму ў абмен на палягчэньне санкцый.

«Уся цяжкая праца акупілася, і мы заключылі зьдзелку», — сказаў ананімны іранскі дыплямат агенцтву Reuters пасьля 18 дзён перамоваў у Вене паміж Іранам і шасьцю дзяржавамі — ЗША, Расеяй, Кітаем, Вялікабрытаніяй, Францыяй і Нямеччынай.

Яшчэ адзін неназваны дыплямат паведаміў агенцтву AP, што пагадненьне ўключае ў сябе кампраміс паміж Вашынгтонам і Тэгеранам, які дазволіць інспэктарам ААН наведваць ваенныя аб’екты Ірану ў межах іх маніторынгу іранскай ядзернай дзейнасьці, якая, як асьцерагаюцца заходнія краіны, накіраваная на распрацоўку ядзернай зброі. Але доступ на любы аб’ект неабавязкова будзе прадастаўлены неадкладна. Гэта адкрые прастору для спрэчак і будзе разглядацца крытыкамі пагадненьня як знак таго, што сусьветныя дзяржавы не былі дастаткова жорсткія адносна Тэгерану. Згодна з AP, Тэгеран будзе мець права аспрэчыць запыт ААН і арбітражная камісія, складзеная з прадстаўнікоў Ірану і «шасьцёркі» будзе прымаць рашэньні па гэтым пытаньні.

Ядзерная праграма Ірану была крыніцай напружанасьці на працягу больш двух дзесяцігодзьдзяў паміж Захадам і Тэгеранам. Іран заўсёды заяўляў, што яго ядзерная праграма мае выключна мірныя мэты.

Рада бясьпекі ААН уводзіла чатыры раўнды санкцый супраць Ірану за праграму ўзбагачэньня ўрану. Злучаныя Штаты і Эўразьвяз уводзілі асобныя санкцыі.

Санкцыі наносілі шкоду іранскаму экспарту нафты і газу, але перамовы па іранскай ядзернай праграме мелі няшмат плёну да заключэньня прамежкавага пагадненьня ў лістападзе 2013 году. Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры і міністар замежных справаў Ірану Махамад Джавад Зарыф сустракаліся амаль кожны дзень пасьля таго, як Кэры прыбыў у Вену напярэдадні першапачатковага тэрміну 30 чэрвеня, вызначанага раней як канчатковая дата заключэньня пагадненьня.

Гэты тэрмін пераносіўся яшчэ тройчы да сёньняшняга дня. Мяркуецца, што пагадненьне, заключанае сёньня, будзе вялікім прарывам у адносінах паміж Захадам і Іранам, пачынаючы з часоў іранскай ісламскай рэвалюцыі 1979 гады, але моцная напружанасьць у стасунках, як чакаецца, захаваецца.