Малайзійскі прэм’ер: «Сьледзтва ў справе гібелі рэйсу MH17 завяршаецца»

Неўзабаве будуць названыя вінаватыя ў гібелі пасажырскага самалёта над Данбасам, заявіў прэм’ер-міністар Малайзіі Наджыб Разак. Паводле яго, расьсьледаваньне катастрофы «набліжаецца да завяршэньня».

Разак выступіў сёньня, у суботу, на жалобнай цырымоніі ў Куала-Лумпуры з нагоды першай гадавіны трагедыі. 17 ліпеня 2014 году ў самалёце «Малайзійскіх авіяліній», зьбітым над раёнам баявых дзеяньняў у Данбасе, загінулі ўсе 298 чалавек, што былі на борце.

Краіны, якія расьсьледуюць катастрофу — Аўстралія, Бэльгія, Нідэрлянды і Ўкраіна — настойваюць на стварэньні спэцыяльнага міжнароднага трыбуналу пад эгідай ААН для правядзеньня суду, выяўленьня вінаватых і пакараньня вінаватых у катастрофе.

9 ліпеня Расея абвясьціла, што выступіць супраць стварэньня такога трыбуналу.

Boing кампаніі Malaysia Airlines, які ляцеў рэйсам MH17 з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, быў зьбіты над раёнам збройнага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Украіна настойвае на тым, што прарасейскія ўзброеныя сэпаратысты дзейнічаюць пры падтрымцы Масквы. Расейскія ўлады сьцьвярджаюць, што самалёт быў зьбіты ўкраінскімі вайскоўцамі.