Нажніцы

Како Шанэль

Пішу «100 словаў». Сьціскаю. Маю найменей паўтараста. Пачынаю рэзаць. Параўнаньні, эпітэты, паўторы. Усё, што навядзе парадак, але пакіне сэнс. Няпростая справа.

На дапамогу прыходзіць яна – адна з самых знакамітых, што абразаць умела лепей за ўсіх. Элегантней за ўсіх. Шыкоўная простасьць. Не шкадуючы, зьнішчала фальбонкі, карункі, складкі, контры, каўнерыкі, аборкі... Усё, што можна абрэзаць з жаночых строяў. Стварыла цуд – маленькую чорную сукенку, якая стала так папулярнай, як аўтамабіль Ford, і якую мае ў сваім гардэробе кожная кабета з фігурай. А нават і тая, якая фігуры ня мае. І правільна!

Гэты цуд стварылі знакамітыя нажніцы Шанэль Како.

Бяру нажніцы...

Ала Петрушкевіч

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org