Калякін, Караткевіч, Шульган ня хочуць здымацца з выбараў на карысьць Статкевіча

29 чэрвеня экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў прапанаваў усім апазыцыйным прэтэндэнтам на прэзыдэнцкую пасаду зьняцца з выбараў да пачатку рэгістрацыі ініцыятыўных групаў і падтрымаць вылучэньне палітвязьня і былога кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча адзіным кандыдатам ад дэмсілаў.

Сяргей Калякін

Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін назваў ініцыятыву Някляева «пустой прапановай, у якой няма ніякага сэнсу: Някляеў прапаноўвае адмовіцца ад удзелу ў выбарах і пакінуць поле бою свабодным, бо ўзамен нічога ня будзе».

«Зразумела на 300%, што ініцыятыўная група Статкевіча зарэгістраваная ня будзе, — адзначыў Калякін. — У гэтым выпадку мы проста пакідаем Лукашэнку разам з Гайдукевічам у абсалютна камфортных умовах і падстаўляем усю апазыцыю: маўляў, яна ні на што ня здольная і сама пайшла з поля бою, прызнаўшы сваю паразу. Іншая справа, калі б ён прапанаваў, каб нашы людзі, зьбіраючы подпісы ў сваю падтрымку, паралельна зьбіралі подпісы за вызваленьне Статкевіча. Гэта значыць — выкарыстаць выбарчую кампанію для вызваленьня палітзьняволеных. Гэта была б мне зразумелая пазыцыя, і мы былі б гатовыя ў ёй удзельнічаць».

Павал Канавальчык

Кіраўнік выбарчага штабу беспрацоўнага Юрыя Шульгана, якога падтрымлівае партыя «Зялёныя», Павал Канавальчык паведаміў БелаПАН, што іх каманда, абмеркаваўшы ініцыятыву Някляева, вырашыла яе не падтрымліваць. «Мы ня будзем здымацца з выбараў, мы будзем ісьці да канца — рэгістраваць ініцыятыўную групу і, адпаведна, весьці кампанію паводле свайго сцэнару, — заявіў Канавальчык. — Справа ў тым, што першапачаткова гэтая ініцыятыва мела хутчэй сымбалічны, а не практычны характар. Статкевіч, як чалавек, які яшчэ не адбыў пакараньне, згодна з законам ня можа быць зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты. Гэтая ідэя ніякім чынам ня можа быць увасобленая ў юрыдычную форму, таму гэтую ініцыятыву мы не падтрымліваем».

Тацяна Караткевіч

Ініцыятыву Някляева не падтрымлівае і Тацяна Караткевіч, якая мае намер балятавацца на пасаду прэзыдэнта ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум». На прэсавай канфэрэнцыі 30 чэрвеня Караткевіч заявіла, што для яе двухгадовая праца каманды і ўдзел у выбарах зьяўляецца «пытаньнем маралі — быць адказнай і пасьлядоўнай у палітыцы». Адначасова Караткевіч выказала гатоўнасьць аказваць падтрымку Статкевічу.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў БелаПАН, што пакуль ня вызначыўся наконт прапановы Някляева.

Уладзімер Някляеў

​Уладзімер Някляеў, камэнтуючы стаўленьне да яго ініцыятывы прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, адзначыў: «Нельга сказаць, што я зусім гэтага не чакаў. Але ў мяне была надзея на тое, што адказнасьць за нешта большае, чым інтарэсы партый як асобных структураў, прымусіць іх прыслухацца да маёй прапановы».

Паводле палітыка, яго ініцыятыва — «гэта ня толькі салідарнасьць са Статкевічам, які цяпер у турме, але яшчэ і салідарнасьць зь людзьмі, народам, які ў нейкім сэнсе таксама знаходзіцца ў турме».

«Трэба было б прыдумаць альтэрнатыву плошчы, і гэтай альтэрнатывай лягічна вынікае палітвязень Мікола Статкевіч, вылучэньне яго як адзінага кандыдата, патрабаваньне вызваленьня палітвязьня і патрабаваньне свабодных выбараў, — сказаў Уладзімер Някляеў у інтэрвію Свабодзе. — На гэтай альтэрнатыве магла б аб’яднацца ўся дэмакратычная беларуская грамадзкасьць, якой на сёньня ня так ужо і мала, значна больш, чым пра гэта распавядаюць сродкі афіцыйнай прапаганды. Але гэта ня выйшла, таму што, як заўсёды, асабістыя інтарэсы, групавыя інтарэсы, інтарэсы партыяў пераважаюць над нацыянальнымі, над дзяржаўнымі інтарэсамі».