Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва УНІАН са спасылкай на прадстаўніка Ўкраіны ў працоўнай падгрупе па пытаньнях бясьпекі Яўгена Марчука.
«На 7 ліпеня перанесеныя ўсе чатыры працоўныя групы. Сустракацца заўтра, як было заплянавана раней, расейскі бок не гатовы», — адзначыў Марчук.
Ён дадаў, што 7 ліпеня адбудзецца пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы з удзелам афіцыйных прадстаўнікоў Украіны — Леаніда Кучмы, Расеі — Азамата Кульмухаметава, а таксама спэцыяльнага прадстаўніка Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе Марціна Сайдыка.
Пачатак пасяджэньня працоўных падгрупаў заплянаваны на 13 гадзін.
Яўген Марчук нагадаў, што Ўкраіна перадала расейскаму боку дзьве прапановы, распрацаваныя Генэральным штабам, аб стварэньні зоны бясьпекі ў раёне вёскі Шырокіна пад Марыюпалем і па адводзе цяжкіх узбраеньняў калібрам менш за 100 мм — для артылерыі, 85 мм — для мінамётаў і ўсіх тыпаў танкаў. Адвод павінен адбыцца на максымальную дальнасьць стральбы названага ўзбраеньня. Абодва бакі павінны адвесьці адпаведнае ўзбраеньне на адлегласьць 15 км.
«Дэ-факта павінна быць створана 30-кілямэтровая зона. Але па ўсёй лініі судакрананьня, акрамя Шырокіна, якое стаіць на шляху ў Марыюпаль, ёсьць яшчэ цэлы шэраг гарачых кропак, і вельмі крытычных», — адзначыў Марчук, удакладніўшы, што гаворка ідзе пра Данецкі аэрапорт, Мар’інку і іншыя паселішчы, якія нікім не кантралююцца або часткова кантралююцца абодвума бакамі.
Украіну ў працоўных падгрупах Трохбаковай кантактнай групы прадстаўляюць Уладзімер Гарбулін (падгрупа па палітычных пытаньнях), Яўген Марчук (па пытаньнях бясьпекі), Ірына Герашчанка (па гуманітарных пытаньнях) і Ігар Ярэма (па сацыяльна-эканамічных пытаньнях).