Сустрэча працягвалася ад 16 да 19 гадзінаў. Пасьля яе да журналістаў выйшлі былая прадстаўніца АБСЭ ў кантактнай групе Гайдзі Тальявіні і аўстрыйскі дыплямат Марцін Сайдык, які будзе прадстаўляць АБСЭ замест спадарыні Тальявіні.
Тальявіні сказала, што сёньня інтэнсіўная праца адбывалася ў трох падгрупах: палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай. Палітычная падгрупа абмяркоўвала праблемы выбараў і палітычнага статусу. Эканамічная падгрупа абмяркоўвала пытаньне выплаты заробкаў і аднаўленьня працы прадпрыемстваў на тэрыторыях так званых «ДНР» і «ЛНР». Гуманітарная падгрупа абмяркоўвала магчымасьць гуманітарных калідораў. У яе працы бралі ўдзел прадстаўнікі міжнароднага Чырвонага Крыжа.
Гайдзі Тальявіні прадставіла Марціна Сайдыка і сказала, што «на гэтым яе місія завяршылася».
Марцін Сайдык сказаў, што будзе настойліва працаваць, як працавала Гайдзі Тальявіні: «У нас будзе вельмі інтэнсіўны графік працы ў ліпені і жніўні. Вы ўбачыце, што мы насамрэч стараемся атрымаць вынік для простых людзей, якія менавіта ў гэтым маюць патрэбу».
Прадстаўнікі Украіны, Расеі і самаабвешчаных рэспублік да прэсы ня выйшлі. А прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык папрасіў журналістаў не задаваць спадарыні Тальявіні і спадару Сайдыку пытаньняў.
Падгрупа па бясьпецы, як чакаецца, правядзе сваё пасяджэньне ў Менску 26 чэрвеня.