Раманчук: «Беларускія праваахоўнікі адрываюць галаву курыцы, якая нясе залатыя яйкі»

Яраслаў Раманчук

«Прадпрымальнік, праграміст Аляксей Камок можа атрымаць сем гадоў калёніі строгага рэжыму. Такога пакараньня для яго патрабуе пракурор», — напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Спадар Раманчук піша пра Камка, што гэта «малады чалавек, 34 гады. Сьветлая галава. Любіць і ўмее працаваць. Арыштавалі яго ў студзені 2014 году. Абвінавачваюць у незаконнай рэклямнай дзейнасьці ў Інтэрнэце.

Аляксей Камок апярэдзіў свой час як мінімум на 10 гадоў. Займаўся тым, у што яшчэ не заглядалі беларускія падаткоўцы. Рабіў важную, каштоўную для рынку працу. Падаткоўцы ня ведалі, як браць падаткі з новай для сябе дзейнасьці. Ішоў час, разабраліся, заглянулі і... вырашылі пакараць. Маладога спэцыяліста абвінавацілі ў разьмяшчэньні ў Інтэрнэце рэклямы безь дзяржаўнай рэгістрацыі. Маўляў, атрымаў ад гэтага прыбытак у памеры 650 тысяч даляраў.

Дык радаваліся б, што хлапец навучыўся працаваць у інтэрнэт-прасторы. Памыліўся з выплатай падаткаў? Дык прызнаўся, што атрымаў „незаконны прыбытак у памеры 131 тысячы даляраў“. Кампэнсаваў дзяржаве 356,9 млн беларускіх рублёў, заплаціў бы значна болей, калі б пакінулі ў спакоі і дазволілі працаваць».

Яраслаў Раманчук згадвае, як у свой час затрымалі былога кіраўніка «Белнафтахіму». І тыдня не прайшло, як выпусьцілі. Згадвае і былую кіраўніцу прэзыдэнцкай адміністрацыі Галіну Жураўкову. Турмы яна пазьбегла. А вось у Камка «крышы» няма.

Гісторыю з Аляксеем Камком Яраслаў Раманчук называе «паказальным прыніжэньнем, прымусам яго да грэхападзеньня. Гэта чарговы моцны ўдар па сучасным чалавечым капітале ў Беларусі. Беларускія праваахоўнікі адрываюць галаву курыцы, якая нясе залатыя яйкі. У выніку ў эканоміцы застануцца стратныя, непаваротлівыя МАЗ, МТЗ и „Гомсельмашы“, якія ператварыліся ў бюджэтных утрыманцаў. А маладыя, яркія і таленавітыя, гледзячы на лёс Аляксея Камка і Віктара Пракапені, плюнуць на Беларусь і накіруюцца шукаць шчасьця ў тыя краіны, дзе з раскрытымі абдымкамі прымуць іх таленты і мазгі. І там яны будуць плаціць падаткі. Толькі там яны ня будуць сядзець у турме таму, што чыноўнікам/сілавікам трэба выканаць плян па штрафах альбо вельмі хочацца пажывіцца за чужы кошт».

У лютым Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня «адносна грамадзяніна Беларусі, 1981 года нараджэньня, які з 2005 па 2012 год займаўся незаконнай рэклямнай дзейнасьцю ў сетцы Інтэрнэт», рэклямуючы «ня толькі легальныя тавары і паслугі, але таксама і парнаграфічныя матэрыялы». Паводле інфармацыі Сьледчага камітэту, Камок і «ягоныя кампаньёны» зарабілі больш за 700 тысяч даляраў.

Акрамя сямі гадоў калёніі строгага рэжыму, пракурор запатрабаваў спагнаць з Камка 12 мільярдаў рублёў, якія той атрымаў злачынным шляхам. На сёньня гэта 816 тысяч даляраў.

Чакалася, што вырак Аляксею Камку абвесьцяць 23 чэрвеня. Аднак гэтую працэдуру перанесьлі на пазьнейшы час.