Масква пагражае Эўразьвязу ўзаемнасьцю за падаўжэньне санкцыяў

Расея дасьць адпаведны адказ на рашэньне Эўразьвязу пра падаўжэньне эканамічных санкцыяў, заявіў прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў.

«У санкцыйным абмене прынцып узаемнасьці — гэта аснова нашага падыходу», — сказаў Дзьмітры Пяскоў журналістам, камэнтуючы прынятае ў панядзелак Эўрапейскай Радай рашэньне працягнуць антырасейскія санкцыі да 31 студзеня 2016 году. Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.

Пяскоў зазначыў, што Масква лічыць санкцыі Эўразьвязу неабгрунтаванымі і незаконнымі, а сама Расея ніколі не была ініцыятарам санкцыйных захадаў.

Рада Эўрапейскага Зьвязу ў панядзелак пастанавіла падоўжыць да 31 студзеня 2016 году тэрмін дзеяньня эканамічных санкцыяў у дачыненьні да Расеі.

Санкцыі тычацца, сярод іншага, доступу да эўрапейскага фінансавага рынку для асобных расейскіх банкаў і кампаніяў, гандлю зброяй і таварамі падвойнага прызначэньня, а таксама экспарту пэўных тэхналёгіяў, зьвязаных з энэргетычным сэктарам.

Падаўжэньне эканамічных санкцыяў супраць Расеі — вынік таго, што лідэры Эўразьвязу дамовіліся зьвязаць гэтыя санкцыі з поўным выкананьнем да 31 сьнежня Менскіх дамоўленасьцяў. Так пастанавілі на пасяджэньні Эўрапейскай Рады 19–20 сакавіка.

Рашэньне пра эканамічныя санкцыі супраць РФ з прычыны анэксіі Крыму і дэстабілізацыі сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны ўпершыню прынялі 31 чэрвеня 2014 году. Санкцыі сталі больш жорсткімі 8 верасьня 2014 году.