Актывістаў судзяць за падтрымку Рубцова

Адзін з актывістаў "Эўрапейскай Беларусі" Максім Вінярскі (справа) і Мікалай Колас падчас суду над Юрыем Рубцовым у майцы з надпісам "Лукашэнка, сыходзь!", 27 траўня 2015 году

22 чэрвеня ў Менскім раённым судзе чакаюцца працэсы над Максімам Вінярскім, Леанідам Кулаковым і Сяргеем Мацкойцем, актывістамі руху «Эўрапейская Беларусь», затрыманымі ў Менску 19 чэрвеня.

Усе трое былі затрыманыя ў пятніцу ўвечары каля супермаркета «Гіпа» на Лагойскім тракце за спробу вывесіць транспарант з надпісам «Свабоду Рубцову» (гомельскі актывіст Юры Рубцоў 28 траўня быў асуджаны на два гады пазбаўленьня волі, «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня).

Затрыманых спачатку даставілі ва УУС Першамайскага раёну Менску, а затым перавезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Менскага раёну.

Іх абвінавачваюць у дробным хуліганстве.

Юры Рубцоў быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня пасьля таго, як адмовіўся працаваць на «хіміі» за нізкі заробак і зрабіў на грудзях татуіроўку «Лукашэнка, сыходзь» і цяпер знаходзіцца ў ІЧС у Баранавічах. На хімію ён трапіў за абразу судзьдзі, які судзіў Рубцоўва, нягледзячы на тое, што таго прывезьлі на працэс бязь верхняга адзеньня.