Нядаўна амэрыканскі пранкер Марк Дайс зрабіў у горадзе Сан-Дыега ў Каліфорніі апытаньне на вуліцах — ён прапаноўваў мінакам падпісаць пэтыцыю да прэзыдэнта Барака Абамы з прапановай нанесьці прэвэнтыўны ядзерны ўдар па Расеі, каб ЗША захавалі статус звышдзяржавы.
Сьцёб прывёў да шокавых вынікаў — вялікая частка суразмоўцаў Дайса з задавальненьнем падпісала жартоўную пэтыцыю.
Расейскае інфармацыйнае агенцтва Russia Today правяло сваю падобную апытанку ў Маскве.
Пераважная большасьць апытаных адказалі на прапанову адмоўна. Агенцтва падало гэта як паказьнік міралюбнасьці расейцаў у параўнаньні з амэрыканцамі.
Аднак пазьней расейскія пранкеры правялі падобны ж экспэрымэнт у Санкт-Пецярбургу, прапануючы мінакам падпісаць пэтыцыю да Ўладзімера Пуціна аб нанясеньні ядзернага ўдару па Вашынгтоне. Больш за 60% апытаных пагадзіліся яе падпісаць.
Падобныя апытаньні не зьяўляюцца рэпрэзэнтатыўнымі, яны не адлюстроўваюць сапраўдныя меркаваньні насельніцтва і даюць шырокія магчымасьці маніпуляцыі вынікамі падобных апытаньняў.
Рэпрэзэнтатыўныя сацыялягічныя апытаньні даюць значна меншыя паказьнікі гатоўнасьці народаў весьці вайну, тым больш ядзерную.
Падчас апытаньня, якое Лявада-цэнтар правёў у Расеі ў красавіку, на пытаньне, ці уяўляюць Злучаныя Штаты якую-небудзь пагрозу РФ, 59% апытаных адказалі станоўча, траціна насельніцтва — адмоўна.
На пытаньне, ці можа Ўладзімер Пуцін у выпадку вайны з Захадам аддаць загад першымі ўжыць ядзерную зброю, 13% рэспандэнтаў цалкам выключылі такое разьвіцьцё падзеяў, 42% апытаных назвалі гэта малаверагодным. Чвэрць апытаных дапускалі такое разьвіцьцё падзеяў і 7% лічаць гэта вельмі верагодным.
На пытаньне, што пераможа ў вайне паміж Расеяй і Захадам, калі яна адбудзецца, 33% адказалі — Расея, 5% — ЗША, а 52% сказалі, што ў такой вайне ня можа быць пераможцаў.
Вынікі нядаўняга апытаньня, праведзенага амэрыканскім дасьледным агенцтвам Pew Research Center ў краінах НАТА, паказалі, што народы гэтых краінаў ня надта схільныя да абароны нават сваіх саюзьнікаў, а ня тое што да ядзернай атакі на Расею.
На пытаньне «Калі Расея ўступіць у сур’ёзны ваенны канфлікт з адной з суседніх краін, якая зьяўляецца саюзьнікам па НАТО, ці павінна наша краіна выкарыстоўваць сілу для абароны саюзьніка?», толькі ў ЗША і Канадзе станоўча на пытаньне адказала большасьць — 56% і 53% адпаведна.