Лябедзька: Вы нам подпісы, мы вам — плятформу казаць пра свае праблемы

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька абвясьціў пра пачатак сваёй прэзыдэнцкай кампаніі і прапанаваў статус даверанай асобы кандыдата наўзамен за 4 тысячы подпісаў.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заклікаў узяць удзел у ягонай перадвыбарчай кампаніі ўсіх, хто хоча рабіць на працягу месяца тое, што «забаронена ў звычайным нашым жыцьці».

«Мы зьвяртаемся да розных групаў, якія займаюцца і палітыкай, і сацыяльнай праблематыкай. Мы прапануем вам такі кантракт: вы зьбіраеце 4 тысячы подпісаў на карысьць рэгістрацыі Анатоля Лябедзькі, а мы даём вам мажлівасьць на працягу цэлага месяца рабіць, рэалізоўваць тое, што вам забаронена ў звычайным нашым жыцьці — рабіць праз інстытут даверанай асобы. Давераная асоба — гэта мажлівасьць на працягу цэлага месяца рабіць тое, што ў звычайнай нашай сытуацыі забаронена. Напрыклад, у нас ёсьць група перавозчыкаў, у якіх ёсьць праблемы з уладай, ім не даюць правесьці нейкую акцыю, кампанію. Калі ласка, вы — 4 тысячы подпісаў, адзін з вас становіцца даверанай асобай, і вы на працягу месяца па ўсіх рэгіёнах Беларусі можаце гаварыць пра сваю праблему», — кажа ён.

Паводле слоў Лябедзькі, такую прапанову АГП зробіць і аргкамітэту партыі Статкевіча, каб праз статус даверанай асобы яны маглі праводзіць кампанію за вызваленьне Мікалая Статкевіча.

Паводле слоў Лябедзькі, ён сёньня — адзіная рэальная альтэрнатыва існуючай уладзе.

«Так сталася не таму, што я самы-самы. Але на сёньняшні дзень менавіта я і мая каманда зьяўляюцца рэальнай альтэрнатывай таму, што ёсьць у Беларусі, — пры ўсёй павазе да ўсіх патэнцыйных удзельнікаў выбарчай кампаніі. Падкрэсьліваю — так склаліся абставіны. І мы гатовы браць на сябе гэтую адказнасьць, мы ня будзем гуляць па правілах улады, мы будзем працаваць па сваім сцэнары. Гэта пазытыўная эканамічная альтэрнатыва (праграма „Мільён новых працоўных месцаў“), і гэта ўсё, каб не дапусьціць легітымацыі вынікаў выбарчай кампаніі. Калі гэтага не зрабіць, то мы можам страціць краіну», — адзначыў палітык.

Лябедзька выказаў сумнеў, што ён будзе зарэгістраваны як кандыдат у прэзыдэнты. Але нават калі ён будзе зарэгістраваны, ён не выключае, што ня пойдзе да канца і здыме сваю кандыдатуру датэрмінова.

«Мы будзем вельмі мабільныя, мы будзем адсочваць усю сытуацыю. Калі наш удзел нейкім чынам захочуць скарыстаць для легітымацыі вынікаў выбараў, мы гатовыя і на іншыя, рашучыя крокі. Пакуль мы гэта не разглядаем як асноўны сцэнар», — падкрэсьліў ён.

Але Лябедзька катэгарычна супраць поўнага байкоту.

«Я і мая каманда зь вялікай павагай адносімся да тых, хто сёньня яшчэ прытрымліваецца пазыцыі байкоту. Калі людзі ня хочуць удзельнічаць у галасаваньні — гэта азначае, што яны разумеюць, што ў Беларусі няма свабодных, сумленных выбараў, што іхнія галасы ня ўлічваюцца. Гэта слушная пазыцыя, але не пэрспэктыўная і не эфэктыўная на сёньняшні дзень», — лічыць старшыня АГП.

Лябедзька заявіў, што трэба павялічыць колькасьць актыўных удзельнікаў палітычнага працэсу:

«Бяз гэтага мы выдыхаемся. Нас высмоктвае эміграцыя, нас заганяе ў нейкія рамкі вельмі шчыльныя ўлада. Яны дамагліся за 20 гадоў таго, што мы страцілі ўстойлівыя камунікацыі з насельніцтвам, зь людзьмі. Для нас гэта шанец вярнуць гэтыя камунікацыі».

Лябедзька паведаміў, што АГП упершыню паспрабуе арганізаваць працу па зборы подпісаў падчас прэзыдэнцкай кампаніі выключна на валянтэрскіх асновах.