На сайце nemtsov2015.ru вядзецца збор подпісаў пад зваротам у падтрымку стварэньня мэмарыяльнай шыльды на Вялікім Маскварэцкім мосьце ў Маскве ў памяць апазыцыянэра.
«Маскоўскія ўлады лічаць, што мэмарыяльную шыльду Барысу Нямцову нельга ўсталяваць з-за „адсутнасьці грамадзкага кансэнсусу“. Мы ня згодныя з гэтым. Грамадзтва павінна паказаць, што яно ня зьмірыцца з забойствам палітыка», — заяўляюць арганізатары праекту.
На сайце ёсьць раздзел «Напісаць дэпутату», дзе можна запатрабаваць ад Дзяржаўнай думы ўзяць пад кантроль расьсьледаваньне забойства Нямцова. Арганізатары праекту таксама прапануюць патэлефанаваць любому расейскаму дэпутату з патрабаваньнем правядзеньня парлямэнцкага расьсьледаваньня гэтага злачынства.
«Толькі так мы можам быць упэўненыя, што Сьледчы камітэт будзе працаваць сумленна і адкрыта», — гаворыцца на сайце.
Учора раніцай у чарговы раз зь месца забойства Нямцова вывезьлі ўсе кветкі, сьцягі і плякаты.
Барыс Нямцоў быў забіты 27 лютага на мосьце недалёка ад Крамля.