Людзі пратэстуюць супраць зносу лецішчаў дзеля Віцебскай ГЭС

Уладзімер Гушчанка (справа): Лецішчы для нас – гэта частка душы

У садаводчым таварыстве «Суднабудаўнік», якое месьціцца ў вакольлях вёскі Цяцёркі Віцебскага раёну, каля 130 лецішчаў. У траўні гэтага году ўладальнікі атрымалі афіцыйнае папярэджаньне, каб рыхтаваліся да зносу пабудоваў, бо іхныя ўчасткі ў выніку працы ГЭС будуць падтопленыя.

Начальнік управы па будаўніцтве ГЭС «Віцебскэнерга» Іван Пугачоў абвясьціў, што пабудовы пачнуць зносіць восеньню, правёў некалькі сходаў для ўладальнікаў лецішчаў і асабіста прайшоўся па ўчастках — паказваў, на колькі ўздымецца ўзровень вады ў Дзьвіне.

"Навошта зносіць маю хату? Новую ўжо не пабудую"

Аднак у садаводчым таварыстве жывуць адмыслоўцы, якія шмат гадоў адпрацавалі ў віцебскім рачным порце. Яны падлічылі, што абяцанае падвышэньне ўзроўню вады на 7 мэтраў ніякім чынам не закране іхных уладаньняў, якія знаходзяцца значна вышэй на беразе. Першая ж «нестыкоўка» у прагнозах будаўнікоў ГЭС пацягнула за сабой больш істотныя сумненьні, і адпаведна, пытаньні.

Пэнсіянэр Аркадзь Шлыкаў адпрацаваў на Дзьвіне шмат гадоў

Чаму пад знос вырашана адправіць ня ўсе пабудовы, а толькі на 72-х участках? Чаму за зьнесеныя дамы прапануюць досыць істотную кампэнсацыю, хаця выкарыстаньне сучасных тэхналёгій дазволіла б «ізаляваць» жылыя дамы ад падтапленьня і вільгаці за куды меншыя сумы?

На другім беразе дамы ня зносяць, толькі высякаюць лес

Апошні варыянт усіх задаволіў бы, гаворыць мясцовы «нефармальны лідэр» Уладзімер Гушчанка:

«Для нас гэта — ня проста маёмасьць, у якую ўжо некалькі пакаленьняў нашых сем’яў укладалі грошы. Тут прайшло маё дзяцінства, тут я гадаваў дзяцей, тут я па-сапраўднаму адпачываю. Гэта ўжо не матэрыяльнае, а нешта духоўнае! Дык чаму я мушу ад гэтага адмаўляцца? Нам не патрэбны грошы і кампэнсацыі, проста пакіньце нас у спакоі!»

Хата Аркадзя Шлыкава, якая ідзе пад знос

Ва ўладальнікаў лецішчаў зьявіліся падазрэньні, што іх хочуць падманным шляхам «выселіць» з маляўнічага месца, каб збудаваць тут, прыкладам, базу адпачынку. На іхную думку, не выглядае, што ўзровень вады ў гэтых мясьцінах узьнімецца так высока. Вада, безумоўна, стане бліжэй, але гэта не прынясе нязручнасьцяў — наадварот, спуск да ракі стане зручнейшы...

Бераг куды вышэйшы за 7 мэтраў

Аляксандар Суднік набыў хату ў Цяцёрках тры гады таму. Кажа, што тады будаўніцтва ГЭС толькі пачыналася, і ніякіх размоваў пра знос не было. Толькі распачаў рамонт, і тут загадалі высяляцца. Крыўда ў суседкі-пэнсіянэркі ня менш вострая: яна жыве адна, гаспадар памёр, і новае лецішча ўзьвесьці яна ня зможа нават за вялікую кампэнсацыю. Таму грошай ня хоча — хоча застацца на тым месцы, да якога звыкла.

Яшчэ адзін сусед, пэнсіянэр Аркадзь Шлыкаў адпрацаваў на Дзьвіне шмат гадоў. Ён на вока можа вызначыць, дзе сканчваецца «афіцыйная» зона падтапленьня:

«Кажуць пра 7 мэтраў, а ў мяне на беразе да вады — мэтраў 12, хата стаіць у аддаленьні. Летась я зрабіў добры рамонт, дзесьці тысяч на 10 даляраў, дапамаглі дзеці. Дык мне начальнік будаўніцтва гаворыць: «Хату зносім, гараж застаецца. Хочаце — перарабляйце гараж у хату ды жывіце! Як такое можа быць? Няйнакш нас падманваюць!»

Аб'ява на плоце Аркадзя Шлыкава

На плоце ў Аркадзя Шлыкава вісіць раздрукаваная аб’ява, што першы намесьнік прэм’ер-міністра даручыў раённай і абласной адміністрацыі дэталёва разабрацца ў пытаньні зносу лецішчаў. 15 траўня мясцовы актывіст Уладзімір Гушчанка агучыў праблему на прыёме ў Васіля Мацюшэўскага. Той і паабяцаў, што канчатковае рашэньне — зносіць ці ня зносіць лецішчы — прымуць пасьля правядзеньня экспэртызы.

Суседняе садаводчае таварыства "Раднік"

Уладальнікі лецішчаў ня супраць будаўніцтва Віцебскай ГЭС, але яны — за справядлівае стаўленьне. Бо адны працягваюць разбудоўвацца, а другім загадана высяляцца. Каб захаваць Цяцеркі ў якасьці «недатыкальнага» аб’екту, нават узьнікла прапанова зрабіць у пэрспэктыве музэй на тутэйшым лецішчы Глеба Гарбоўскага — расейскага паэта, аўтара вядомых савецкіх шлягераў «Розовый слон» і «Папа, подари мне куклу».

І, вядома, насельнікі садаводчага каапэратыву «Суднабудаўнік» гатовыя біць ва ўсе званы, каб прыцягнуць да сваёй праблемы ўвагу грамадзкасьці.

Уладзімер Гушчанка з Тацянай Караткевіч

Пра змаганьне за лецішчы яны распавялі актывістцы кампаніі «Гавары праўду» Тацяне Караткевіч, якая абвясьціла пра свой намер балятавацца на прэзыдэнцкую пасаду. Спадарыня Тацяна 5-6 чэрвеня прыяжджала на Віцебшчыну, сустракалася з актывістамі і шэраговымі жыхарамі Верхнядзьвінску, Полацку, Наваполацку і Віцебску. І адмыслова наведала садаводчае таварыства «Суднабудаўнік», каб падтрымаць тых, хто гатовы не толькі да пошукаў праўды, але і да змаганьня за яе.

Уладальнікі лецішчаў распавялі Тацяне Караткевіч, што знос суседніх лецішчаў ужо пачаўся — але гэта не было нечаканасьцю, бо ў таварыстве «Раднік» і раней Дзьвіна падтапляла жылыя пабудовы. І пра тое, што наступствы ўзьвядзеньня Віцебскай ГЭС ужо адчувальныя: зьніклі асобныя віды рыбы, перасяліліся падалей ад будаўнічага шуму сем’і баброў, высякаюцца лясы на супрацьлеглым беразе рэчкі, хоць відавочнай неабходнасьці ў такім зьнішчэньні дрэваў няма. Віцебскія актывісты кампаніі «Гавары праўду» паабяцалі сачыць за сытуацыяй зь лецішчамі, а ў выпадку неабходнасьці — і юрыдычную падтрымку.

На разьвітаньне гаспадары лецішчаў падарылі Тацяне Караткевіч букет рамонкаў і півоняў з уласных гародчыкаў. Спадарыня Тацяна ўсклала іх да помніка свайму знакамітаму цёзку па прозьвішчы — пісьменьніку Уладзімеру Караткевічу.

Каля помніка Ўладзімеру Караткевічу ў Віцебску

ГЭС будуецца за 9 км ад Віцебска, вышэй па плыні Заходняй Дзьвіны. Чакаецца, што Віцебская ГЭС стане самым магутным гідравузлом у Беларусі: усталяваная магутнасьць — 40 мэгават, выпрацоўка электраэнэргіі для сярэдняга па воднасьці года складзе 138 млн кіляват-гадзін. У будаўніцтве бяруць удзел працаўнікі з Кітая: у 2010 годзе заключаны кантракт на 189,550,000 даляраў з нацыянальнай карпарацыяй па электраабсталяваньні CNEEC. Кантроль за будаўніцтвам ажыцьцяўляе замоўца — прадпрыемства «Віцебскэнэрга». Заплянавана, што Віцебская ГЭС пачне выпрацоўваць электраэнэргію ў 2017 годзе, і што яна стане адной з чатырох у каскадзе гідраэлектрастанцый, збудаваных на Заходняй Дзьвіне, апрача Полацкай, Бешанковіцкай і Верхнядзьвінскай.