Расея будзе імпартаваць малако і мяса з Ірану

Іран атрымаў дазвол на пастаўкі мяса птушкі і малочнай прадукцыі ў Расею.

Пасол Ірану ў Маскве Мехдзі Санаі паведаміў сёньня ў Маскве, што дазвол на пастаўкі атрымалі шэсьць вядучых іранскіх вытворцаў. Паводле яго словаў, дзьве буйныя птушкафабрыкі і 4 малаказаводы выканалі патрабаваньні расейскіх ветэрынарных службаў і атрымалі неабходныя дазволы. Яшчэ шэраг прадпрыемстваў чакае такога дазволу пасьля «ліквідацыі недахопаў», інфармаваў пасол.

Санаі выказаў надзею, што іранскія вытворцы скарыстаюць магчымасьць замацавацца на расейскім рынку. Летась іранскія фірмы атрымалі дазвол на экспарт у Расею садавіны, гародніны і рыбнай прадукцыі.

Расея адмовілася ад імпарту харчовых тавараў з Эўразьвязу пасьля накладзеных на яе санкцый у сувязі з вайной ва Ўкраіне. Беларускія вытворцы ад гэтага рашэньня Масквы шмат ня выйгралі — многія партыі беларускай прадукцыі неаднаразова затрымліваліся і вярталіся з-за прэтэнзій расейскіх ветэрынарных органаў.