Былы супрацоўнік авіадыспэтчарскай кампаніі Oro navigacija, грамадзянін Літвы Рамуальд Ліпскі 22 траўня завяршыў дачу паказаньняў акруговаму суду Вільні.
Пра гэта паведамляе інфармацыйны партал DELFI.
Абвінавачаны ў шпіянажы на карысьць Беларусі, Рамуальд Ліпскі не прызнаў сваёй віны. Але ён прызнаў сябе вінаватым у тым, што «адразу не зьвярнуўся ў органы бясьпекі Літвы».
Паводле дакумэнтаў справы, Ліпскі ў сваім кабінэце ў Oro navigacija таемна фатаграфаваў розныя дакумэнты і перадаваў іх Галоўнаму ўпраўленьню выведкі Гэнштабу Ўзброеных сілаў Беларусі.
Ліпскаму пагражае пакараньне ад 3 да 15 гадоў турмы.
Службовыя асобы Літвы цьвердзяць, што, магчыма, Беларусь дзялілася атрыманай інфармацыяй з Расеяй.